ЗГУРТАВАНЬНЕ БЕЛАРУСКАЙ ШЛЯХТЫ

НЕАФІТЫ,

прынятая ў Рэчы Паспалітай у 18 ст. назва для асобаў, якія перайшлі зь іўдаізму ў хрысьціянства. Паводле заканадаўства ВКЛ яны атрымоўвалі шляхецкія правы.

У першыню пра магчымасьць атрыманьня шляхецтва пры пераходзе габрэяў у хрысьціянства гаворыць Статут ВКЛ 1588 — «А естли бы который жид або жидовка до веры християнское приступили, тогды кождая такая особа и потомство их за шляхтича почитаны быти мають» (разьдзел 12 артыкул 7: «О головщинах и навезках жидовских»). Фармальна гэта супярэчыла правілам набілітацыі акрэсьленых у гэтым-жа Статуце. Верагодна аднясеньне зьвестак пра шляхецтва Н. у разьдзел пра галаўшчыны і навязкі «людей простых» зьяўляецца прыхаваным абыходам артыкула Статута «О непривлащенье вольностей шляхетских людем простого стану» (разьдзел 3 артыкул 26).

Ніякімі іншымі заканадаўчымі актамі набілітацыя нованавёрнутых хрысьціянаў ня згадвалася. Традыцыйна ў ВКЛ гэткія асобы шляхецкаю супольнасьцю прызнаваліся за шляхту. Колькасьць Н. у 16—17 ст. была нязначнаю (наўрацьці ўтварылася больш 50 неафіцкіх родаў), у 18 ст. адбылося некаторае павялічэньне хростаў габрэяў.

Выхрашчаныя асобы прэтэндавалі на шляхецкі стан і ў Польскім Каралеўстве, дзе не было адпаведнай заканадаўчай базы. Гэнеральная Каронная канфэдэрацыя на Канвакацыйным Сойме Рэчы Паспалітай 1764 прыняла канстытуцыю «Пра неафітаў», паводле якой Н. не зьяўляюцца шляхтаю і павінны лічыцца сялянамі альбо мяшчанамі, калі хто валодае маёнткамі павінен прадаць іх на працягу 2 гадоў, хто мае ўрады, павінны быць іх пазбаўлены.

Прынятая канстытуцыя выклікала пратэст з боку шляхты ВКЛ і на наступным Каранацыйным Сойме 1764 была прынятая канстытуцыя «Пра неафітаў ВКЛ», якая зазначыла, што неафіты, якія прынялі хрысьціянства да канстытуцыі Канвакацыйнага Сойму 1764, не падлягаюць ёй, але яна распаўсюджваецца на асобаў, якія прыймуць хрысьціянства пасьля згаданай канстытуцыі. Таксама была прынятая сьпецыяльная канстытуцыя пра набілітацыю неафітаў, паводле яе прадстаўнікі некаторых родаў атрымалі набілітацыйныя прывілеі (падобна на тое, што прывілеі атрымалі і некаторыя каронныя неафіты). Відаць фармальна лічылася, што шляхтаю будуць прызнаныя роды, прадстаўнікі якіх атрымаюць прывілеі, ня гледзячы на колькасьць часу, калі род быў ужо хрысьціянскім.

Канчаткова праблема Н. была вырашаная на Варшаўскім надзвычайным Сойме ў 1768. Было вызначана, што пад дзеяньне канстытуцыі «Пра неафітаў» Канвакацыйнага Сойму 1764 не падпадаюць Н. ВКЛ, якія прынялі хрысьціянства да згаданай канстытуцыі. Наадварот усе літоўскія неафіты ўзводзяцца ў шляхецтва і ім пацьвярджаюцца шляхецкія правы назаўсёды. Гэткім чынам, ужо ня мела значэньне ці атрымалі прадстаўнікі роду набілітацыйны прывілей альбо не. Яшчэ раз было пацьверджана, што асобы, якія будуць прымаць хрысьціянства падпадаюць пад дзеяньне канстытуцыі Канвакацыйнага Сойму 1764.

У часы Расейскай Імперыі большасьць шляхецкіх родаў неафіцкага паходжаньня не была прызнаная ў расейскім шляхецтве.

© Ўладзіслаў Вяроўкін-Шэлюта, 2004.

Друкаваная версія: Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. Т. 2. Мн., 2006. С. 352—353.

  Згуртаваньне Беларускай Шляхты
        Гісторыя
        Сяброўства
        Статут
        Кіраўніцтва
        Асяродкі
  Сьпіс шляхецкіх родаў
        Агульны сьпіс
        Тытулаваныя роды
            Князі
            Графы
            Бароны
  Выданьні ЗБШ
        Часапіс «Годнасьць»
            1993. № 1.
            1994. № 1(2).
            1997. № 1(3).
            1997. № 2(4).
            2003. № 1(5).
        Кніжная серыя «Маёнткі і людзі»
        Альманах «Nomenclator»
  Шляхецкая энцыкляпедыя
        А Б В Г Д Е Ё Ж З І К Л М Н О
        П Р С Т У Ў Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я
  Бібліяграфія па генеалёгіі
  Парады па пошуку радавода
  Спасылкі на іншыя рэсурсы
  Форум
  www.nobility.by © Згуртаваньне Беларускай Шляхты, 2002