ЗГУРТАВАНЬНЕ БЕЛАРУСКАЙ ШЛЯХТЫ

ПОПІСЫ ВОЙСКА ВЯЛІКАГА КНЯСТВА ЛІТОЎСКАГА,
п о п і с ы  ш л я х т ы,

вайсковыя мерапрыемствы па рэгістрацыі і падліку ўзброеных ненайманых сіл дзяржавы.

Першы попіс, матар’ялы якога захаваліся, праведзены згодна з ухвалаю Віленскага сойму 1528. Паводле яе земляўласьнікі з 8 службаў выстаўлялі ў войска аднаго вершніка, усяго былі ўлічаныя 19 842 коньнікі.

Статут 1529 у разьдзеле «О обороне земской» апісаў абавязкі шляхты па ўдзелу ў попісах, зазначыў, што дробная шляхта, якая ня мае вял. уладаньняў або падданых наогул, павінна асабіста адпраўляцца ў войска. Вызначыў, каб усе шляхцічы ставалі на попісы толькі пад сваёй павятовай харугвай; асобы, якія служаць панам-радам ці ўраднікам, павінны замяніцца з чалавекам «войны не повинным»; якія служаць князям ці панам і маюць гаспадарскія маёнткі, павінны пакінуць свайго пана і ставаць пад павятоваю харугваю.

Матар’ялы попісу 1534, зьвязанага з вайною Маскоўскай дзяржавы зь Вялікім Княствам Літоўскім 1534-37, не захаваліся.

Віленскі сойм 1563 пастанавіў, каб шляхта выстаўляла ў войска коньніка з 10 службаў. У 1565 у час Інфлянцкай вайны 1558-82 адбыўся попіс «у полі» з мэтаю ўлічыць шляхту, якая сабралася на вайну.

Статут ВКЛ 1566 вызначыў, што шляхта зьбіраецца ў войска па павятовых харугвах, пад кіраўніцтвам маршалкаў, у цэнтр. паветах ваяводстваў — кашталянаў. Уласна харугва (сьцяг) выдавалася з гаспадарскага скарбу. У 1567 Горадзенскі сойм вызначыў парадак паспалітага рушэньня і скліканьня ў войска шляхты, а Вял. Князь некалькімі лістамі да шляхты загадаў «до Молодечна днем и ночю, яко на кгвалт поспешаючися» сабрацца для працягу вайны. Каля Краснага Сяла (цяпер в. Краснае Маладзечанскага р-на) з 26.06.1567 да лют. 1568 быў праведзены попіс, які зафіксаваў 27 776 коньнікаў.

Статут ВКЛ 1588 устанаўліваў, што попіс праводзіцца ў час збору шляхты на вайну. У 1596.02.12 быў праведзены, паводле гетманскага ўніверсалу, попіс шляхты па паветах, якая сабралася на вайну з казакамі. Верагодна, попіс быў праведзены ў ВКЛ у 1601, вядомы яго вынікі па Віленскім ваяв.

Соймавая канстытуцыя 1607 вызначыла, што павятовыя попісы павінны праходзіць кожны год паводле нормаў пастановы Віленскага сойму 1563. Канстытуцыя 1613 устанавіла, што попісы павінны адбывацца 8 вер. праз 2 гады пры гарадах, замках і каралеўскіх дварах (месцах, дзе звычайна праходзілі суды й соймікі). У цэнтр. павеце ваяводзтва шляхта павінна была ставаць перад ваяводам, кашталянам і харужым, у інш. паветах — перад маршалкам, харужым і войскім. Попіс не павінен быў працягвацца больш за 4 дні, кожны шляхціч мог мець почат (суправаджальны атрад), колькі хоча. Незьяўленьне на попіс каралася штрафам 200 копаў грошаў. Шляхта Берасьцейскага і Віцебскага пав., Ашмянскага і Ковенскага пав. пастанову 1613 «узялі да браці» (параіцца). Канстытуцыя 1616 зноў вызначыла попіс паводле пастановы 1563.

Канстытуцыя 1620 зазначыла, каб 03.05.1621 кожны шляхціч «папісаўся» і гэтак кожны год, пакуль ідзе вайна з Турцыяй. Бедныя шляхцічы павінны былі разам складацца на рыштунак і добрага каня (гл. Пешая шляхта). Пастанову ўзялі да браці паслы з Жамойцкай зямлі, Ковенскага, Упіцкага, Троцкага і Горадзенскага пав. У 1627 шляхта Наваградзкага ваяв. ўстанавіла для сябе днём попісу 25 траўня. На сойме 1629 узноўлена канстытуцыя 1620, але большасьць шляхты ВКЛ яе «ўзяла да браці».

Канстытуцыя 1650 устанавіла, што попісы ў ВКЛ будуць адбывацца праз 4 гады на сьвята сьв. Міхала (29 вер.). У жніўні 1672, паводле каралейскіх і гетманскіх універсалаў, адбыўся попіс «пад Оршаю і Барысавам».

У выніку унутраных супярэчнасьцяў у ВКЛ у к. 18 ст. адбыліся два попісы. У Гарадзенскім пав. 1698.12.02, дзя вырашаліся фінансавыя справы і датычныя аплаты войска. Пасьля бітвы 1700.11.18 пад Алькенікамі паміж шляхецкім рушэньнем і войскамі Сапегаў, калі папісалася перамогшая шляхта, дзе вызначаны шматлікія эканамічныя і палітычныя пытаньні.

Гэнеральная канфэдэрацыя ВКЛ 1764 вызначыла, што попісы павінны адбывацца праз 2 гады, раніцай па сьвяце сьв. Міхала (г. зн. 30 вер.). Было зазначана, што попісу падлягае кожны шляхціч; тым, хто мае ўладаньні ў розных паветах, дастаткова папісацца ў адным. Рэестры ўносіліся ў актавыя кнігі адпаведных паветаў. Было зазначана, што попісавыя рэестры шляхецтва не пацьвярджаюць. Попіс 1765 зьяўляецца адзіным даволі поўным сьпісам шляхецкіх родаў ВКЛ, бо быў праведзены на ўсёй тэр. дзяржавы.

Дакументацыя попісаў — каштоўная крыніца па сац.-эканам., вайсковай гісторыі ВКЛ, гэнеалёгіі, гіст. гэаграфіі. Матар’ялы попісаў 16 ст. апублікаваныя ў 1915 С.Л.Пташыцкім, попіс 1765 выдадзены часткова. Беларускімі гісторыкамі А.І.Грушам і М.Ф.Сьпірыдонавым падрыхтавана новае выданьне попіса 1528 г.

Публ.: Перапіс войска Вялікага княства Літоўскага 1528 года. Мн., 2003; Русская историческая библиотека. Т. 33. Пг., 1915; Спис новгородської шляхти, що ставила ся против козаків. Копиль, 12 лютого 1596 р. // Матеріали до історії української козаччіні. Т. I. Львов, 1908; Acta stanow Wielkiego Xięstwa Littewskiego na Pospolite ruszenie, vigore laudum wileńskiego 14 augusti 1698, postanowionego miedzy Ławnem a Puzewiczami, w powiecie Grodzieńskim zgromadzonych… Wilno, 1698. Postanowienie generalne stanow W. X. Lit. … na ziezdzie walnym woiewodztw y powiatow, pospolitym ruszeniem pod Olkienikami uchwalone. Wilno, 1700. Mienicki R. Rejestr popisowy województwa połockiego z dn. 30 IX 1765 // Ateneum Wileński. 1936. R. 11; Список вооруженным дворянам и татарам Городненского повета, явившимся на смотр (popis) [1765] // Акты, издаваемые Виленскою Археографифическою коммиссиею. Т. 7. Вильна, 1874.

Літ.: Довнар-Запольский М. Государственное хозяйство Великого княжества Литовского при Ягеллонах. Киев, 1901. Т. 1. С. 664-676; Грицкевич А.П. Распределение магнатских и шляхетских владений в Белоруссии по их величине и этнической принадлежности владельцев (XVI в.) // Вопр. Истории. Мн., 1978. Вып. 5; Менжинский В.С. Структура феодального землевладения Великого княжества Литовского (По материалам Переписи войска 1528 г.) // История СССР. 1987. № 3; Спиридонов М.Ф. Перепись войска Великого княжества Литовского 1567 г. как источник по истории поселений Белоруссии // Литовская Метрика: Исслед. 1988 г. Вильнюс, 1992; Lowmiański H. Popisy wojska Wielkiego Księstwa Litewskiego w XVI w. jako zródło do dziejów zaludnienia // Medievalia: W 50 rocznice pracy naukowej Jana Dąbrowskiego. Warszawa, 1961; Lowmiański H. Zaludnienie państwa litewskiego w wieku XVI. Zaludnienie w roku 1528. Poznań, 1998.

© Ўладзіслаў Вяроўкін-Шэлюта, 1999, 2003, 2004, 2006.

Друкаваныя вэрсіі: Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 5. Мн., 1999. С. 549-550. Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. Т. 2. Мн., 2006. С. 460-461.

  Згуртаваньне Беларускай Шляхты
        Гісторыя
        Сяброўства
        Статут
        Кіраўніцтва
        Асяродкі
  Сьпіс шляхецкіх родаў
        Агульны сьпіс
        Тытулаваныя роды
            Князі
            Графы
            Бароны
  Выданьні ЗБШ
        Часапіс «Годнасьць»
            1993. № 1.
            1994. № 1(2).
            1997. № 1(3).
            1997. № 2(4).
            2003. № 1(5).
        Кніжная серыя «Маёнткі і людзі»
        Альманах «Nomenclator»
  Шляхецкая энцыкляпедыя
        А Б В Г Д Е Ё Ж З І К Л М Н О
        П Р С Т У Ў Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я
  Бібліяграфія па генеалёгіі
  Парады па пошуку радавода
  Спасылкі на іншыя рэсурсы
  Форум
  www.nobility.by © Згуртаваньне Беларускай Шляхты, 2002