Добры дзень! Я займаюся Радаводам мужа, прозвішча якога ЖУР, і хачу падзяліцца звесткамі, якія знайшла. Спачатку я вывучыла ўсе знойдзеныя ў анлайн метрычныя кнігі: Ігуменскага павету Свята-Іллінскай царквы сяла Ячанка (1833, 1848-1865, 1905 г.г.) і Мінскага павету Пятра-Паўлаўскай Царквы с. Возера (1838-1841, 1848, 1855-1865 гг.). Потым працавала ў архіву з Рэвізскімі казкамі Мінскага павету -- з 10-ай па 5-ую (1858, 1850, 1853, 1834, 1816, 1811, 1795 гг), адразу ж глядзела памешчыцкіх сялян і прасачыла ланцужок да 1795 г.
Такім чынам, у 5-ых РК (НГАБ, 333-9-193, ст.505) я знайшла нашага 7-га прадзеда Якава Мацеева Жураўскага (1742-1810 гг), лагічна, што ведаем зараз і 8-е калена - Мацея Жураўскага (але пакуль больш дакладных звестак пра яго не маю). Мяне здзівіла, што ў РК 1795 года прозвішча запісана -- Жураўскі, таму што ў астатніх рэвізіях і ў метрычных кнігах (акрамя некалькіх выпадкаў) продкі азначаны як Жур (але прачытала ў гэтай тэме ў спадара Калечыца, як могуць змяняцца прозвішча на прыкладзе Жураўскага, і стала толькі яшчэ цікавей!). Зразумела, канкрэтную мэту адшукаць шляхецкія карані я ў главу кута не ставіла, спачатку хацела як мага глыбей дазнацца пра сваіх продкаў, а зараз хачу знайсці і гістарычную праўду аб іх. Дык вось, Якаў Мацеяў ЖУРАЎСКІ ў 1794 годзе меў 5 сыноў і трох дачок і жыў у в. Арэхаўцы Мінскага павету (якая належала Дамініку Геронімавічу Радзівілу і была ў арэндзе ў Мазырскага ротмістра Антона Пятровічава сына Багдажеўскага?). Жураўскі тут пазначаны як хлебапашац. У Рэвізскіх казках 1811 і 1816 гг. сыны Якава (Якуба) маюць ужо прозвішча Жур і пражываюць у Арэхаўцы і пазначаны як сяляне. Ў перыяд з 1816 па 1834 год яны пераведзены ў якасці неаседлых у в. Заазер'е (гэта побач з Возера, уладальнік граф Караль Фрацішкава сын Чапскі)), а таксама ў вёсцы Арцюхі, Каменка, Дзешчанка. А ў перыяд з 1834 па 1850 год пераведзены ўжо ў в. Валодзькі як аселыя (двары пад №№ 1, 4, 7, 8, і там ужо працягвалі род іхнія нашчадкі і жывуць па сей дзень.
Дарэчы ў метрычных кнігах Журы часта радніліся, ці былі ўспрыемнікамі ў прадстаўнікоў такіх прозвішч як Чэрнік, Сенкевіч, Паляшчук, Клімовіч, Мякота, Бічык, Дзядзюля, Ждановіч. Вось такая мая справаздача. Буду ўдзячна новым звесткам і сустрэчам тут з сваякамі, а таксама з аднадумцамі.
З павагай, Ала Жур