Мае продкі Міхалоўскія даволі доўгі час былі вернікамі Замосскага рыма-каталіцкага касцёла на Случчыне. На сайце ЗБШ паказана, што пабудаваны ён у 1823 годзе і зачынены ў 1868-м. Аднак, лёс гэтага храму болей складаны.
Па звестках, узятых мною з артыкула мастацтвазнаўцы Т.В.Габрусь, будаўніцтва гэтага касцёла было фундавана ў 1620 г. (па іншых крыніцах – у 1649 г.) мясцовым шляхціцам А.С.Вінкаю-Ратомскім. Першапачаткова гэта быў, верагодна, кальвінскі збор. Аб гэтым сведчаць тыповыя для гэтай канфесіі стылявыя характарыстыкі архітэктуры храма, і тое, што ў першай палове 17 ст. удзельным Слуцкім княствам валодаў князь Багуслаў Радзівіл, кіраўнік евангелісцкай абшчыны ў ВКЛ, які прымаў удзел у вайне на баку шведаў і быў сасланы ў 1667 г.
Гістарычныя крыніцы сведчаць аб тым, што ў другой палове 17 ст. у гэтым храме знаходзілася місія езуітаў, значыцца, у гэты час у ім гаспадарылі каталікі.
Працуючы ў НГАБ з фондам 757 “Слуцкае духоўнае кіраванне”, выпадкова знайшла справу №408 “Аб Замосскім касцёле”, распачатую ў 1833 г., з якой дазналася пра далейшы лёс гэтага храма. Праваслаўны святар суседняй Грэскай царквы скардзіўся ў кансісторыю, што «… лежащее от некоторого времени в римско-католическом каменном костёле, состоящем Слуцкого уезда деревни Замостье мертвое тело, ныне открыто и признаётся нетленными мощами умершего более якобы нежели полтораста лет пред сим фундатора оного костёла помещика Винки, по каковому случаю собираются туда для поклонения, и особенно в недели новомесячия, кроме иноверцев и наши православныя прихожане в большом числе с значительными приношениями». Інакш кажучы, праваслаўнаму святару стала крыўдна, што “значныя прынашэнні” народ нясе ў касцёл, а не ў царкву.
З матэрыялаў расследвання, праведзенага кансісторыяй паводле гэтай справы, бачна, што 1 чэрвеня 1795 г. Слуцкага павету сяла Замосця фундушавая уніяцкая імя Прасвятой Багародзіцы каменная царква была далучана да праваслаўя і разам з ёю належачыя да яе прыходу вёскі. Адсюль выснова, што некаторы час напрыканцы 18 ст. у будынку касцёла быў уніяцкі храм.
На працягу васьмі наступных гадоў, з 1795 па 1802 гг. уключна, ў будынку касцёла дзейнічала Замосская Пакроўская праваслаўная царква. МК гэтай царквы наўрад ці можна знайсці ў кампутарным даведніку чытальнай залы НГАБ, але фізічна яны існуюць: я сама іх бачыла падшытымі ў слуцкіх зборніках МК. Напрыклад, у 1795 годзе (фонд 136 воп.13 спр.556) – усяго 21 запіс, наведвалі царкву толькі сяляне. За ўвесь 1797год (136-13-558) – толькі 9 запісаў, 4 хростаў і 5 шлюбаў, таксама толькі сялянскіх.
У 1802 годзе будынак быў нейкім чынам перададзены каталікам і зноў стаў касцёлам. Чаму гэта здарылася? У вышэйспамянутай справе 408 адказу я не знайшла.
МК Замоскага касцёлу захаваліся ў НГАБ, пачынаючы з 1822 г. У метрыках есць “мемарыяльныя” старонкі, прысвечаныя “запісам актаў грамадзянскага стану” асоб з прозвішчамі Забелы і Аледзскія з 1784 па 1832 гг. – пэўна, фундатараў касцёлу. Апошнія захаваўшыяся МК касцёла ў Замосці датаваны 1866 годам. Пра тое, ці выкарыстоўваўся, і якім чынам, будынак касцёла пасля закрыцця яго ў 1868 годзе, пакуль ня ведаю.
Пасля 1917 году будынак касцёлу выкарыстоўваўся для гаспадарчых патрэб . У 1990-е гады касцёл імя святой Барбары быў адрэстаўраваны і аднавіў сваю дзейнасць, як каталіцкі храм. Як ён выглядае зараз, можна ўбачыць на здымку, які зрабіў спадар Андрэй Дыбоўскі.