Я ведаю, што былі Валасевічы шляхцічы, якія жылі каля Койданава і Рубяжэвічаў. Яны выводзіліся ў Менскім ДДС, указалі, што іх гэрб — "Сас". Іншыя Валасевічы (зрэдку і Валасовічы) выводзіліся празь Віцебскі ДДС, сваім гэрбам назвалі "Ліс". Абодва рода былі зацьверджаны ў расейскім шляхецтве, але ня ўсе прадстаўнікі, некаторыя запісаныя ў падданыя станы.
Пружаны знаходзіліся ў Гарадзенскай губ., калі Валасевічы жылі там стала, і калі былі шляхтаю, павінны былі-б рабіць вывады ў Горадне. Матар’ялы Гарадзенскага ДДС вельмі слаба захаваліся, пагэтаму не вядома, ці праходзілі тамака Валасевічы.
Як бы тое не было, усё роўна спачатку трэба пачаць генеалягічныя пошукі зьнізу, ад сябе і ўверх. У вашым выпадку трэба паглядзець метрычныя кнігі Пружанаў. Калі не памыляюся, і праваслаўныя, і каталіцкія метрычныя кнігі захаваліся добра. Яны знаходзяцца ў Менску ў Нацыянальным Гістарычным архіве.