Ужо ў першы свой візіт у былы засценак Смольгава, сваю "прарадзіму", звярнула ўвагу на тое, што мясцовыя жыхары адну з частак пасялення называюць "Дзёўкі". Гэтую назву можна пачуць толькі ў гутарках, на геаграфічных мапах яе няма (і ніколі не было). Пры гэтым на пытанне аб паходжанні назвы, якое адразу нагадвае пра нейкіх адметных дзяўчат, якія жылі менавіта ў гэтым кутку Смольгава, мясцовыя ўпэўнена адказваюць, что ні з якімі дзеўкамі назва не звязана, але пра сапраўднае паходжанне назвы ніхто нічога не ведае.
Калі я ўпершыню ўбачыла прозвішча Дзёўга, адразу згадала смольгаўскія Дзёўкі. Мая згадка спраўдзілася: так і ёсць, у інвентары маёнтка Пагост, у складзе якога ў XVIII ст. быў засценак Смольгаў , у 1733, 1751, 1763, 1767, 1787 згадваецца чыншавая шляхта: Аляксандр Дзёўга, козак, меў моргі ля мелавай дарогі (1733, 1751), Лукаш і Мацвей Дзяўковічы (1763), Геранім Дзяўковіч з жонкай і сынам (1767), Ян Дзяўко (1787). Хваля перасяленняў чыншавай шляхты напрыканцы XVIII - пачатку XIX ст. "змыла" гэтае прозвішча са Смольгава - Дзёўгі сюды больш не вярнуліся.