Далучуся і я да дыскусіі як непасрэдны носьбіт прозьвішча "Зянковіч".
Па-1, апроч Сястржэньцэвіча, Зянковічы карысталіся таксама Лялівай і яе адменай -- гербам Зянковіч. Сыстэмы я пакуль так і не зразумеў -- відаць, што ў рода было досыць шмат галінаў.
У Кракаве ў канцы XIX стагоддзя жыў вядомы навуковец і публіцыст, вельмі шанаваны ў гэтым горадзе, Леан Зянковіч. Ён вымушаны быў пераехаць туды пасьля паўстаньня 1831 году, у якім ён прымаў актыўны ўдзел. Паходзіў ён з Пружаншчыны.
Знаходзіў я таксама сьляды Зянковічаў з Пастаўшчыны. Пра ігуменьскіх Зянковічаў таксама чуў.
Распавяду крыху пра наш радавод.
Бацька мой нарадзіўся на Ўкраіне, у горадзе Сумы, дзе Зянковічы жывуць што найменьш 5 пакаленьняў. Мой прадзед Валерыян Зянковіч, паводле сямейнай легенды, быў выхадцам з Кракава -- ягоны бацька Казімір нібыта перасяліўся ва Ўкраіну ў часы будаўніцтва чыгункі і даслужыўся там да вялікіх чыноў.
Аднак гэтую легенду мне ўдалося абвергнуць. Справа ў тым, што Валерыян быў рэпрэсаваны ў 1937 годзе і дадому не павярнуўся. Я знайшоў публікацыі сьпісаў рэпрэсаваных, выдадзеную Сумскім абласным СБУ на падставе архіваў НКВД. Дык вось, там ёсьць толькі адзін Валерыян Зянковіч, які быў народжаны ў Віцебску. Хутчэй за ўсё, туды і цягнуцца карані нашага роду.
У Валерыяна, апроч майго дзеда, былі яшчэ дзеці. Але кантакты зь імі страчаныя яшчэ 60 год таму. Вядома, што частка зь іх перасялілася на Стаўрапольшчыну, і іх нашчадкі мусяць і зараз там жыць.
Калі нехта нешта чуў пра віцебскіх Зянковічаў, буду ўдзячны за інфармацыю. Я зараз жыву ў ЗША, і калі дабяруся да Сумаў, канешне атрымаю копію справы прадзеда, адкуль можна будзе выцягці болей дэталяў.