Дарэчы, калі ўжо пра радавод і сямейныя паданьні, то ёсьць яшчэ паданьне, ня надта прыемнае для нашага роду, што паходзіць з Магілёва. Ягоны тэкст выбіты на адной з калёнаў Магілёўскай каталіцкай катэдры. Пераказваю па памяці.
У часы караля Стэфана Баторага здарыўся ў Магілёве народны бунт. Месьцічы абурыліся свавольлем пана Зянковіча, што меў маёнтак пад Магілёвам і тэрарызаваў увесь горад -- забіраў майно месьцічаў, псаваў дзевак, ды г.д. І месьцічы забілі пана і разбурылі ягоны маёнтак. Прычым цела скінулі ў Дняпро, а гарадзкія старэйшыны казалі месьцічам, каб скідалі яго ніжэй горада, каб кроў пана Зянковіча ня трапіла на горад.
У хуткім часе пра гэтае здарэньне данесьлі каралю Стэфану Батораму. І яго міласьць загадаў, каб у пакараньне месьцічы перавезьлі цэглу і каменьне з разбуранага маёнтка ў горад і збудавалі зь яго храм. Так і паўстала Магілёўскай Катэдра -- як адкупленьне жыхарамі Магілёва за забойства пана Зянковіча.