Некаторыя нататкі на прыкладзе метрычных кніг Койданаўскага касцёла XVII ст. Зразумела, усе індывідуальна, і залежала яшчэ ад ксяндза:
Dominus/Domina -пан/пані - звычайнае тытулаванне шляхты- таксама часам сустракаецца ў асобаў мяшчанскага паходжання:
Dominus запісваўся Геранім Згурка, харунжы зямян. Паходзіў з мясцовых мяшчан. Відавочна, з-за афіцэрскага рангу. У іншых выпадках:
Dominus Ян Тарнагурскі 1679. Тарнагурскія - мясцовыя прыезджыя аднекуль мяшчане. Аб адшуканні шляхецтва у пазнейшыя часы мне невядома. Шляхта Тарнагурскія былі ў Крошыне ў Наваградзкім павеце.
Domina Карчажына, 1679 г. Мяшчане Карчагі ў Койданаве. Гэтая Карчажына рэгулярна фіксуецца як хросная ў рознай шляхты ў маёнтку Навасёлкі.
Honoratus: так запісваліся некаторыя заможныя мяшчане. У т.л. Васіль Шот, войт койданаўскі.
Таксама Honoratus N, зямянін, 1680 г.
Таксама Honorati ў адным запісы некалькі асобаў рознага паходжання: зямяне і баяры, 1681: Юцкевіч, Хаміонка, Вароніч, Барута.
Зямяне ў двух выпадках таксама пазначаныч Honestus Шчоўкун, Папкоўскі.
Пазначаныя зямянамі ў метрычным выпісу і разам Nobilis: Карповічы. Апошнія ў любым выпадку мелі сваіх прыгонных ад канца 16 ст. па праву ад Радзівілаў.
Nobilis пазначаныя баяры Герман, Адынец, Рамановіч: з іх Адынцы ранейшага путнага баярскага паходжання, Германы (Гарманы) і Рамановічы- з сялян, спачатку цяглых, потым чыншавых.
Nobilis Шацілы. Нашчадкі баяр паноў Дарагастайскіх (1588), у 1594 г. частка Станькава была прададзена Дарагастайскімі Радзівілам і Шацілы апынуліся на службе ў апошніх.
Усё ж часцей і ў XVII ст. запісваліся без аніякіх пазначэнняў, часам, нават заможныя шляхцічы, якія мелі маёнтак, ці частку маёнтка.
Пазней, у XVIII стагоддзі некаторыя нашчадкі тых жа баяр запісаліся нават GD (Generosus Dominus, ураджоныя).
У кнігах Мінскага магістрата і мінскага гродскага суда процьма "Іх Міласцей Шляхетных паноў мяшчан места ЯКМ Менска" - не войтаў, ці бурмістраў. Аб гэтым пісаў Нясецкі, кажучы, што тытулаванне "Шляхетны" перайшло таксама і да мяшчан, заставіўшы шляхцічам дакладнае "Ураджоныя", "мяшчанін можа быць шляхетным, але не ўраджоным". Тут можна параўнаць дэвальвацыю шляхецкага тытулавання з сітуацыяй ў краінах Заходняй Еўропы. Так, у Францыі з XVI ст. абазначэнне "Noble hommes" стала ўжывацца судзейскімі, чыноўнікамі, гарадскімі "адукаванымі" людзьмі, якога наймення сапраўдныя дваране імкнуліся ўжо пазбягаць. Як і "Sieur", скарочана ад "Сеньёр"/Dominus/пан - ужывалася усімі ўладальнікамі фьефа (феода, лена), незалежна ад паходжання.