З Энцыклапедыі ВКЛ:
Францкевічы-Радзімінскія (Радзімінскія), шляхецкі род герба «Бродзіц». Паходзілі з Мазовіі, дзе мелі прозвішча Радзімінскія, ад імя Францішка (Францка) Радзімінскага, падкаморыя полацкага ў 16 ст., утварылася прозвішча Францкевічы. Найб. вядомыя:
Ежы (?—пасля 1629), сын Міхала. Лідскі войскі, суддзя земскі, з 1629 маршалак, каралеўскі сакратар; маршалак Трыбунала ВКЛ у 1628. Удзельнічаў у вайне Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29.
Мікалай (каля 1585—каля 1630), сын Міхала. Харужы надворны ВКЛ у 1611—13, маршалак Трыбунала ВКЛ у 1620; стараста мсціслаўскі з 1613, васілішскі, радамльскі. Удзельнічаў у Інфлянцкай вайне 1558—82.
Мацей Міхал (7—24.8.1654), харужы новагародскі з 1636, стараста мазырскі з 1651, пісар польны ВКЛ з 1653.
Казімір (?—23.8.1694), сын Міхала. Падчашы менскі, лідскі падкаморы з 1674, войскі з 1687, стараста з 1679, падскарбі надворны ВКЛ з 1689; маршалак Трыбунала ВКЛ у 1682, 1688, 1693; стараста крэўскі. Заснаваў кляштар кармелітаў у Жалудку, базыльянскі манастыр ва Ушачах.
Стафан (?—каля 1712), сын Яна. Харужы новагародскі ў 1654, каралеўскі дваранін, стараста слонімскі. Удзельнічаў у вайне Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34, у бітве з укр. казакамі пад Зборавым у 1649, у вайне Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Вызначыўся ў Хацінскай бітве 1673, у Венскай кампаніі 1683. Шмат разоў у 1648—1712 выбіраўся паслом на соймы, уваходзіў у шматлікія соймавыя камісіі.
Міхал Гедэон (?—16.6.1712), сын Стафана. Стараста слонімскі з 1693, харужы надворны ВКЛ з 1695.
Казімір Юзаф (28.10.1680, Полацкае ваяв.—27.3.1728), член ордэна езуітаў з 1698, рэктар езуіцкіх калегіумаў у Оршы ў 1720—27 іМенску ў 1727—28.
Міхал Юзаф (1730, г. Вількамір—27.12.1780), член ордэна піяраў з 1746, рэктар піярскіх калегіумаў у Шчучыне і Вільні. З 1775 узначальваў Літ. правінцыю піяраў. Значна развіў школьную справу піяраў пасля скасавання ордэна езуітаў і іх навучальных устаноў.
© Валерый Пазднякоў, 2006