-'Якія трэба мець падставы, каб стаць сябрам-прэтэндэнтам?';
-'Трэба быць шляхецкага паходжаньня.'
хм... а калі, нягледзячы на ўсе намаганьні, я не здолею знайсьці доказы свайго шляхецкага паходжаньня, нават калі маё прозьвішча маецца ў сьпісе беларускіх шляхецкіх родаў, значыць трапіць у ЗБШ наогул ня лёс? Вы ж ведаеце, наколькі гэта цяжка адсачыць свой радавод, улічваючы складаную гісторыю нашай зямлі цягам некалькіх апошніх стагоддзяў... можа тыя архівы, па якіх я змог бы даказаць сваё шляхецкае паходжаньне, наогул не захаваліся? Дык значыць галоўнымі зьяўляюцца гэтыя паперкі, а не асоба чалавека, які мае адпаведнае прозьвішча і ўсе рысы, якімі мусіць валодаць сапраўдны беларускі шляхціч? Чаму гэтага чалавека нельга нанава пасьвяціць ў шляхцічы, калі ён гэтага сапраўды заслугоўвае, бо падобная ж практыка існавала ў шляхецкія часы, шляхецкія званьні ж не проста з дубу падалі, іх надавалі па вызначаных правілах. Дык чаму Вы пры прыняцьці ў сябры ЗБШ карыстаецеся выключна прынцыпам шляхецкага паходжаньня, якое дакладна даказана, а не зьвяртаеце ўвагу на асобу чалавека?
Напрыклад, я маю сапраўднае беларускае прозьвішча Сьцяпура, якое маецца ў сьпісе беларускіх шляхецкіх родаў, я валодаю беларускай мовай на добрым узроўні і карыстаюся ёй ў паўсядзённым жыцьці, з павагай адношуся да нацыянальных гісторыі, культуры, сімбалаў, удзельнічаю ў культурных праектах, накіраваных на захаваньне нацыянальнай ідэнтычнасьці беларусаў, раблю ўнёсак у нацыянальнае адраджэньне... але пры гэтым не маю магчымасьці даказаць сваё шляхецкае паходжаньне, таму мяне не прымаюць у склад ЗБШ...
А побач са мной жыве беларус-манкурт, які па-беларуску дзьвух словаў зьвязаць не ў стане, і нават не хоча гэтага рабіць, не ведае і не хоча ведаць гісторыі свайго народу, плюе на нацыянальную культуру, топчацца па нацыянальных сімбалах, але мае доказ свайго шляхецкага паходжаньня, і дзеля понту ідзе і становіцца сябрам ЗБШ, маючы юрыдычнае права быць беларускім шляхцічам, але не маючы права маральнага...
Мне здаецца, Вам трэба перагледзець свой падыход, і ў якасьці выключэньняў прымаць у сябры ЗБШ беларусаў з шляхецкімі прозьвішчамі без доказу шляхецкага паходжаньня, калі гэтыя людзі сваімі паступкамі ў наш складаны час заслугоўваюць права насіць ганаровае званьне Шляхціча... мне здаецца, ЗБШ мусіць не толькі аднаўляць шляхецкія роды, якія існавалі раней, але і засноўваць новыя, бо сістэма, якая зацыкліваецца выключна на старом, і не дапускае да сябе новае, рана ці позна сама сябе зьнішчыць (гэта як ачышчаную каналізацыйную ваду перад вяртаньнем спажыўцам заўсёды разбаўляюць крынічнай вадой, бо без даданьня сьвежай вады, ачышчаная вада будзе мёртвай...)