З артыкула Я. Глінскага "Фальсіфікацыі дакументаў аб дваранстве
ў Слуцкім павеце Мінскай губерні
ў канцы XVIII – першай палове ХІХ ст."
"...яшчэ адзін род — Пантусы (Пантусовічы) вядомы
ў шэрагах ваенна-служылага саслоўя Навагрудчыны з канца XV ст. У першай трэці XVI ст. яны былі сакольнікамі Навагрудскага замка, але ўжо ў попісе ВКЛ 1567 г. пазначаныя ў шэрагах паўнапраўнай павятовай шляхты58. Адзін з прадстаўнікоў роду Сасін Андрэевіч пабраўся шлюбам з дачкой вышэйзгаданага
Мікіты Пятніцы і разам з ім атрымаў у 1573 г. урочышча Лаўраўскае ў Слуцкім княстве, такім чынам трапіўшы ў склад слуцкіх зямян. У далейшым на месцы ўрочышча ўтварыўся засценак Лаўравічы (інакш Пятніцы). У ім, а таксама ў суседняй вёсцы Чапліцы большасць Пантусаў пражывала да канца XVIII ст.59. Аднак частка роду ў канцы XVII ст. вярнулася ў склад наваг-
рудскай павятовай шляхты і на працягу наступнага стагоддзя валодала невялікімі маёнткамі — Цапра, Праходы і Валожычы60. Цікава, што зямянская і шляхецкая галіны роду адрозніваліся таксама веравызнаннем: лаўравіцкія Пантусы былі праваслаўнымі, а іх больш заможныя родзічы — католікамі і ўніятамі61. Гэтыя дзве галіны ў 1802 г. супольна падалі дакумен-
ты ў Мінскі дваранскі дэпутацкі сход, але ў радаводзе
выразна адасабляліся. Пры новай падачы доказаў на
шляхецтва ў 1833 г. стала зразумела, што лаўравіцкая
галіна Пантусаў зусім не мела дакументаў аб вотчын-
ным валоданні зямлёй. Для вырашэння гэтай прабле-
мы ўсе Пантусы былі выведзеныя ад агульнага продка
Леана, які напрыканцы XVII ст. набыў маёнтак у Ца-
пры, а для падмацавання гэтага быў прадастаўлены
сфальсіфікаваны тастамент яго ўяўнага сына Саму-
эля Канстанціна ад 1744 г. (у псеўдавыпісе з Нава-
грудскага земскага суда), у якім апісваліся радавыя
ўладанні (фіктыўныя), а таксама тлумачылася розні-
ца ў веравызнанні прадстаўнікоў роду. Быццам бы
брат Самуэля Канстанціна Антоні Парфіры "адступіў
ад рэлігіі сваёй", перайшоў у праваслаўе і намовіў на
гэта сваіх пляменнікаў62 (насамрэч усё было наадва-
рот — Пантусы ў Лаўравічах былі праваслаўнымі, а пе-
расяленцы ў Цапру прынялі каталіцызм ці ўніяцтва).
Дадзены дакумент — высокаякасная фальшыўка
з вялікай колькасцю рэалій, запазычаных пераважна
з сапраўдных дакументаў роду. Але гэта відавочны
фальсіфікат, бо ў якасці пісара ў ім пазначаны Стэ-
фан Міхал Гарабурда, якога ў 1744 г. не было ўжо ў
жывых (памёр да 12 лютага 1738 г.)"
Акрамя таго, у інвентары маёнтка Любча 1660-х гг. сярод мяшчан у мястэчку Любча сустракаецца Філон Пантус, "за лістам Яго Княскай Міласці" (Багуслава Радзівіла).
У 1816 г. Пантусы ў шляхецкіх РС у засценку Налібокі Уселюбскай парафіі. Выводзіліся з гербам Адравонж.