Жылі ў XVI ст. у Наваградзкім павеце. У лісце 1557 г. аб запісу Настассі з Неміровічаў Мікалаевай Глябовічавай сваёй дачцэ Раіне маёнтка Вераскава, Глебовічавая прыгадвае, што ў маёнтку жывуць яе баяры Ісай і Іван Князевічы, якія "з продкаў яе" шляхта, а таксама вызваленыя ёй ад "іншых баярскіх павіннасцяў" (Літоўская Метрыка, кніга 43, с. 42-45).
Нашчадкі Івана, відаць працягвалі пісацца Князевічамі, Ісая- Ісаевічамі.
04.02.1570 г. Дадзены ліст ад Станіслава Станіслававіча Давойны, ваяводы полацкага Ждану Іванавічу Князевічу на 6 пустых валок грунтах маёнтка Уселюбскага, за якія той павінен ставіць "..на службе земскай вайсковай каня добрага пачтовага і служыць як і іншыя зямяне маі шляхта таго маёнтка майго Ўселюбскага служаць.."
Верагодна Ждана Князевіча дваюрадны братам даны наступныя лісты:
21.01.1566 г. Ліст Станіслава Станіслававіча Давойны Багдану і Івану Ісаевічам падцьвярджаецца права на фальварк Масцішча ў тракце Ўселюбскім (з усімі людзьмі аседлымі);
09.05.1565 г. Ліст п. Давойны баярам уселюбскім Багдану, Андрэю і Івану Ісаевічам на службе земскай вайсковай;
10.02.1580 г. Ліст князя Крыштафа Радзівіла, кашталяна Троцкага, на адмену грунта за Масцішча зямянам уселюбскім Багдану Ісаевічу і сыну яго Ждану, павінны служыць "конна і збройна".
10.05.1598 г. Ліст Крыштафа Радзівіла, ваяводы Віленскага, Багдану Ісаевічу на адмену яго грунтоў ад фальварка Вераскоўскага валок 3;
Ліст слугі Крыштафа Радзівіла, Рыгора Пашынскага, зямянам уселюбскім Ждану і Пятру Ісаевічам пры сяле Шкелічах пана Неміровіча 3 валокі, таксама сянажаці Вераскоўскія ўрочышчы Ваньковае, Чэрнічы, Ляхаўкі, поўбрэгскія і рахавецкія сенажаці, на службе коннай "згодна звычаяў даўняга".