Беняш-Крывец, гербу Астоя.
Мелі вывад у Гарадзенскім ДДС. У XVII-XVIII стст. асноўная форма прозвішча- Беняшэвіч. Займаюся даследваннем, падрабязныя звесткі і ўдакладненні будуць пазней. Цікавяць з нагоды сваяцкіх сувязяў з прадстаўнікамі роду Калечыцаў у Наваградзкім павеце. Пачынаючы з XVII ст. некаторыя Калечыцы таксама менаваліся Беняшэвічамі (магчыма, праз жаночую галіну?). Таксама з Метрык Уселюбскага касцёла: 1799 г. *Антон, сын Сымона і Магдалены з Беняшаў Калечыцаў, у Калітычах; 1821 г. *Яцак, сын JP Сымона Калечыца і Магдалены Беняшаўны; У 1709 г. рэестр дакументаў, якія тычыліся Калечыцаў, а таксама Абрыцкіх з сяла Калечыцы быў прад'яўлены ў Слуцку зямянінам далятыцкім Андрэем Беняшэвічам. Асноўныя звесткі аб першых пакаленнях роду (дарэчы, звесткі з вываду сапраўдныя, розныя пацвярджэнні гэтаму ў арыгінальных судовых справах- іншых крыніцах, у вывадзе пратапласта паказаны Беняш Жданавіч Крывец:
1 пакаленне
1. Іван, вядомы з імя па-бацьку. Жыў у XV ст.
2 пакаленне
2.1 Леў Іванавіч Крывец, дваранін гаспадарскі ў 1510 г. Гербоўнікі таксама прыгадваюць таго ж гербу Алехна Фёдаравіча Крыўца, двараніна гаспадарскага, які ў 1528 г. выставіў у войска 4 каня, а ў 1536 г. з'яўляўся цівуном і гараднічым Троцкім, але сваяцтва яго з Львом Іванавічам не ўдакладняецца.
3 пакаленне
3.2 Ждан Леўкановіч Крыўцоў, сьведка пры тэстаменце Ганны з Корсакаў Рагозінай у Полацкім ваяводстве, 1563 г., з пячаткай гербу Астоя.
4 пакаленне
4.3 Беняш Жданавіч Крывец, служэбнік Станіслава Давойны, ваяводы полацкага, удзельнічаў у судовых справах, якія тычыліся маёнтка Ўселюб у Наваградзкім ваяводстве; Падстараста Ашмянскі, пісар гродскі Ашмянскі (1586 г.), суддзя гродскі наваградзкі (1605 г.), паборца Наваградзкага ваяводства (1608 г.), Намеснік судовы Наваградзкі (1610 г.). Жонка Гальшка Загаранка. Маёнткі Самсонаўшчына (ад Яслікоўскіх, 1579 г., Ашмянскі земскі суд), Валканоша ў Наваградзкім павеце (ад Яна Бенька, 1602 г.), Крываногаў, Дарэў Андрэеўшчына, фальварк Венцлавоўшчына, Каменкі ў Наваградзкім павеце, каля Ўселюба.
5 пакаленне
5.4 Андрэй Беняшэвіч Ждановіч Крывец+1631 жонка Барбара з Зяновічаў, зямянка Віленскага павету, маёнтак у Віленскім павеце Муснікі. Маёнтак у Наваградзкім павеце Крываногаў. Барбара скардзілася на брата мужа Юрыя за разрабаванне Крываногава падчас мора, калі сама хавалася ў Вільне, а пасля, ратуючыся ад віленскіх мяшчан, шмат месяцаў жыла з дзецьмі ў лясах (Метрыка Літоўская).
6.5 Юрый Беняшэвіч Ждановіч Крывец
6 пакаленне
7.5 Юрый, зямянін у сяле Калечыцы маёнтка Дзяляцічы кн. Радзівілаў.
8.5 Станіслаў, зямянін у сяле Калечыцы
9.5 Геранім, зямянін у сяле Калечыцы
У пазнейшым арыгінальным праве 1666 г. на ленныя землі ў Калечыцах ад Багуслава Радзівіла, актыкаваным у Наваградзкім гродскім судзе, форма прозвішча- Ждановічы і Жданы Беняшэвічы (ураджоныя паны зямяне); у канфірмацыі Януша Радзівіла ў 1650 г. на землі ў Калечыцах - Жданы Беняшэвічы; у інвентары маёнтка Далятычы 1652 г., са згадкай на канфірмацыю гетмана Януша Радзівіла, Беняшэвічы.
Беняшэвічамі ж названыя ў пазнейшых дакументах не згаданыя ў вывадзе Беняшаў-Крыўцоў, Яраш, Якуб і /Сцяпан/ Калечыцы, якія атрымалі права ад Багуслава Радзівіла на прыкупны зямянскі грунт у Бернічаве (пасада Бернічоўская), 1649 г. Хаця, з тых асобаў, Сцяпан, і мог быць сапраўды Беняшэвічам (Сцяпан Юр'евіч з вываду і з права 1666 г.).