Так, сапраўды такое ёсць. Але ў сваю абарону скажу, што гэта выклікана недахопам дакументаў на руках і спробамі раскапаць карані з дапамогай іншых крыніц. Тым больш, што ў тых жа Мігуцкіх даволі рэдкае прозвішча. Пакуль гэтыя спробы не надта паспяховыя.
Наяўныя ж на руках дакументы, спісы падданых за 1706 і 1716 гады і метрыкі, якія пачынаюцца з 1748 года, не дазваляюць звязаць паміж сабой Мігуцкіх з гэтых дакументаў паміж сабою.
Агулам інвентары Блоні вельмі добра захаваліся. Апроч згаданых спісаў падданых за 1706 і 1716 гады, ёсць інвентары за 1747, 1703, 1699, 1692, 1680, 1677, 1673, 1655, 1654, 1638, 1620. Але праблема ў тым, што ўсе яны знаходзяцца ў РГАДА, і выцягнуць іх адтуль - няпростая і зацягнутая ў часе справа.
Тым не менш, верагодна, пацвердзілася думка пра сваяцтва прынамсі часткі Мігуцкіх з Барысаўшчыны з Мігуцкімі з Блоні. Гэтак, у Жыцькаве першым Мігуцкім у 1750-х гадах быў Марцін Лаўрэнавіч (каля 1730-1797). А ў Блоні ў 1748 годзе нараджаецца Грыгор, сын Лаўрэна Мігуцкага - магчыма, малодшы брат Марціна. Пасяліліся таксама на Барысаўшчыне, у Дубавом, равеснікі Марціна - браты Хведар, Парфен і Іван Мігуцкія, сыны Іллі, але іх сувязь з Блонню пакуль прасачыць не атрымалася.