У выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай, праведзеных Расеяй, Аўстрыяй і Прусіяй, Рэч Паспалітая перастала існаваць. Землі Вялікага Княства Літоўскага былі анэксаваныя Расеяй. На працягу гэтых гадоў адбываліся зьмены ў адміністрацыйна-тэрытар’яльным падзеле Вялікага Княства Літоўскага.
Паводле Першага падзелу 1772 г. Расея захапіла Інфлянцкае і Мсьціслаўскае ваяводзтвы, большую частку Полацкага ваяводзтва (правабярэжжа ракі Дзьвіны), большую частку Віцебскага ваяводзтва, частку Рэчыцкага павета Менскага ваяводзтва.
У 1791 г. праведзены адміністратыўна-тэрытар’яльны падзел Рэчы Паспалітай. Тэрыторыя дзяржавы ў адміністратыўным плане падзеленая на тры правінцыі: Малую Польшчу, Вялікую Польшчу й Літву, кожная зь якіх налічвала 34 паветы. У ВКЛ, утвораны новыя паветы. Гэтыя рашэньні адмененыя ў 1793.
Берасьцейскае ваяводзтва: Берасьцейскі, Кобрынскі, Пінскі й Пінскі-Зарэчны (Запінскі) паветы.
Віленскае ваяводзтва: Ашмянскі, Браслаўскі, Віленскі, Вілкамірскі, Завілейскі, Лідзкі і Эйшышскі паветы.
Віцебскае ваяводзтва: Аршанскі й Віцебскі паветы.
Жамойцкае княства: Расіёнскі, Тэльшаўскі й Шавельскі паветы.
Інфлянцкае ваяводзтва, без падзелаў на паветы, і Пілтэнскі павет.
Менскае ваяводзтва: Мазырскі, Менскі й Рэчыцкі пав.
Мсьціслаўскае ваяводзтва, без падзелаў на паветы.
Наваградзкае ваяводзтва: Ваўкавыскі, Наваградзкі, Слонімскі й Случарэцкі паветы. У складзе Наваградзкага ваяводзтва аўтаномнае Слуцкае княства.
Полацкае ваяводзтва, без падзелаў на паветы.
Смаленскае ваяводзтва: Смаленскі й Старадубскі паветы.
Троцкае ваяводзтва: Гарадзенскі, Ковенскі, Мерацкі, Прэнскі, Троцкі і Ўпіцкі.
Паводле Другога падзелу 1793 г. Расея захапіла рэшту Полацкага і Віцебскага ваяводзтваў, Менскае ваяводзтва, усходнюю частку Наваградзкага і Слонімскага паветаў, частку Ашмянскага і Браслаўскага паветаў Віленскага ваяводзтва, Пінскі павет Берасьцейскага ваяводзтва.
Паводле Трэцяга падзелу 1795 г. Расея, Прусія і Аўстрыя захапіла апошнюю частку Вялікага Княства Літоўскага. Да Прусіі адыйшла частка Гарадзенскага і Троцкага паветаў, Жамойцкага княства (левабярэжжа Нёмана). Да Аўстрыі адыйшла заходняя частка Берасьцейскага пав. (левабярэжжа Буга).