Дзякую пану Васілю за інфармацыю, і прашу прабачэння за блытаніну. Насамрэч, Тамаш (Фама ) Масакоўскі пабраўся са смольгаўскай Гурыновічавай, родны брат яго – з Гурыновічавай з Кутнёва, і родная сястра - таксама з кутнёўскім Гурыновічам.
Аднак са смольгаўскімі Гурыновічамі ня ўсё проста. Нягледзячы на тое, што першая згадка пра Марціна Гурыновіча ў Смольгаве ёсць у 1763 г., адзінага "ствала" дрэва смольгаўскіх Гурыновічаў я не знайшла.
Паводле рэвісскіх казак 1795 г., у Смольгаве мешкала сям”я Лаўрэнція Гурыновіча, але (па звестках з МК Яроміцкай царквы) пасля 1804 г. яны са Смольгава знікаюць (гл. малюнак).
Затое ў 1801 г. мы бачым у Смольгаве шлюб Гераніма(Герасіма) Гурыновіча і Алены Пілкевіч. Вышэйзгаданая Марыя Гурыновічава – адна з іхніх пяці дачок. Адзіны іх сын Рыгор пасля свайго нараджэння больш у Яроміцкіх МК не сустракаецца. Цікавы шлюб іхняй дачкі Лукеры: у 1833 г. : яна пабралася з кутнёўскім Гурыновічам, Васілём Хведаравым, які пайшоў да яе ў прымы (абодва іх сыны нарадзіліся ў Смольгаве, але ў пазнейшых дакумэнтах мне згадкі пра іх не сустракаліся).
Васілю Хведараву перабірацца ў Смольгаў было не страшна, бо два гады таму падобнае ўжо зрабіў ягоны родны брат Іван, які ў 1831 г. ўзяў шлюб з Агафай Масакоўскай. Мяркую, што некаторыя ўдзельнікі гэтай тэмы знойдуць для сябе штосьці цікавае ў трэцім малюнку.
Магілы нашчадкаў менавіта гэтай апошняй пары можна знайсці зараз у Смольгаве і ў Бярэзінцы. У РС 1869г. Смольгаўскія Гурыновічы яшчэ запісаны аднадворцамі, у пазнейшых дакумэнтах – дваранамі.
Вось якая інфармацыя ёсць у мяне. У сувязі з поўнай адсутнасцю МК Даросінскай царквы, да якой жыхары Смольгава былі прыпісаны пасля 1840 г., цікава было б паглядзець дваранскія спісы пасля 1870г., але яны яшчэ не алічбаваныя.