Інфармацыя пра дакумент, выпадкова знойдзеная супрацоўнікамі НГАБ падчас падрыхтоўкі 6 тома Гербоўніка беларускай шляхты.
У вывадзе роду Ждановічаў гербу Ястрэмбец ад 08.08.1799 г. сярод складзеных папер-довадаў аб шляхецкім паходжанні згадваецца наступны дакумент:
Ф.319-2-1198, Арк. 1 адв., 4.
Права застаўнае на грунт дзедзічны ў Навасёлках ад Яна (сына Рыгора) Ждановіча яснаму пану Калечыцу 30.04.1638 г.
/ Prawo zastawne Jana Zdanowicza w roku 1638 kwietnia 30 dnia JP Kaleczycowi (арк.4- Kaleczycu) grunt swoj dziedziczny w Nowosiolkach/
Сумнеўным дакумент у артыкуле гербоўніка не пазначаны. Трэба адзначыць, што дакумент згадваецца ў арыгінальным, так зв. сапраўдным вывадзе Ждановічаў, які быў скасаваны ў 1824 г., а замест яго пададзены псеўдавывад з шматлікімі фальсіфікацыямі.
Акрамя таго, згодна з інвентарамі Койданава, вядома, што мой продак Іахім Калечыц і так у 1620 г. трымаў зямлю ў Цішкавым Бродзе паміж грунтамі Рыгора Ждановіча і грунты пад Машніцай побач с навасельскімі грунтамі Ждановічаў пад Машніцай.
У інвентарах падрабязна апісваецца зямля Ждановічаў. Так, у 1588 г. Рыгор з братам Макарам трымалі землі "па розным месцам паміж землямі паноў Гладкіх (таксама маіх продкаў
) Іх Навасельскія грунты называліся:
Зямля Семенчоўшчызна, зямля Тарайкоўская, зямля Малдрычына, зямля Чэрэмовічы, зямля Грыбчоўская, зямля Какорэчынская, зямля Дашкоўская, увогуле 5 валок з моргамі.
У 1620 г. Ждановічы, зямяне конныя і "на вольнасцях" (асобна ад зямян на паконьшчыне) трымаюць 1 Кон у 5 валок.
У 1648 г. Паны Ждановічы на вольнасцях трымаюць 7 валок у Навасёлках.
У наступныя 1660-90-я гг. Сярод "фальваркаў застаўных і за правамі ад князёў" у паноў Ждановічаў 7 валок у Навасёлках у шахаўніцах (церазпалоссе) паміж панамі Аравінка-Аўсядоўскімі і Гладкімі (пазней Кастравіцкімі) на службе коннай, або плаце.
На навасельскіх грунтах Ждановічаў жылі падданыя. Аб гэтым сьведчыць і дакумент аб продажы Аўсядоўскаму ад Ждановічу селяніна Карандзюка ў 1672 г., і інвентар 1678 г., дзе напісана аб тым, што дакументы спалены, а паны Ждановічы спасылаюцца на Метрыку, кажуць аб уплаце падымнага двару койданаўскаму ад падданых (тэкст 17 ст. у самім інвентары).
У 1660-70-я гады і пазней ў Навасёлках Ждановічаў аселі Шунейка, Шацілы, ў 18 ст. Антановічы, Каржанеўскія. Пазней-засценак. Зараз- вёска Малыя Навасёлкі Дзяржынскага раёну.
Цікава адзначыць і тое, што ў 1695 г.у Навасёлках трымаў каля 4 валок Станіслаў Кршчановіч. У метрыках Койданаўскага касцёлу Nobilis dominus Станіслаў Хршчановіч, верагодна, падстароста Койданаўскі, у зборавых метрыках згадваецца Хршчановічава, падстаросціна койданаўская. Станіслаў Кршчановіч трымаў і застаўную маёнтнасць Дабрынёва, якая перад гэтым была ў заставе ў Касцюшкевіча, лоўчага Менскага, а ў 1706 г. з падданымі і баярамі была прададзена зноў Касцюшкевіча ад удавы Кршчановіча- Зофіі Івіцкай. Магчыма, менавіта тады, напрыканцы 1690-х гадоў у Дабрынёва асеў і Павел, сын Мікалая Маркавіча Калечыца, які не згадваецца ўжо ў інвентары 1695 г.