Гладкія з Навасёлак у Менскім ваяводстве.
Вырашыў трохі падрабязней тут пра іх напісаць. Цікавіць дадзены род як з пункту гледжання свайго ўласнага сваяцтва, так і з мэтай даследвання беларускай шляхты і, прынамсі, шляхты Койданаўскага рэгіёна, якім падрабязна займаюся, наогул. Род меў уплыў у Менскім павеце напрыканцы XVI - пачатку XVII стагоддзя. Матэрыялы захаваныя ў справах маёнтка Навасёлкі ў Варшаўскім архіве Радзівілаў у Варшаве (AGAD) і LVIA (ф.1135 "Виленское общество любителей наук").
Генеалогія, складзеная ў XVII стагоддзі, напісаная, як паказана пры перапісе з арыгінала ў канцы XVIII стагоддзя, "падобна, рукой Міхала Аўсядоўскага".
1 пакаленне
1. Рыгор (Грышка, Грынец) Гладкі (Гладковіч). У 1511 г. Сотнік Гарадзенскі.
2 пакаленне
2.1 Васіль Грынькавіч Гладкі. Ураднік Станькаўскі князя Паўла Гальшанскага, біскупа Віленскага. Атрымаў прывілей П. Гальшанскага 1540 г. на маёнтак Навасёлкі з землямі, з сялянамі, адным служэбны баярынам Багданам Новікавічам у вечнасць. У прывілеі адзначана, што маёнтак быў выслужаны яго бацькам Рыгорам, а таксама бацькам і дзедам Рыгора ад бацькі і дзеда Паўла Гальшанскага, а гэта значыць, што Гладкія трымалі мясцовыя Навасельскія землі каля Койданава яшчэ ў першай палове XV стагоддзя. У 1547 г. Васіль атрымаў падцвярджальны прывілей на Навасёлкі ад Жыгімонта ІІ Аўгуста. Жонка Аляксандра з Фурсаў.
2.1 Ждан Гладкі. Не пакінуў нашчадкаў.
3.1 Фёдар Гладкі. Гальшанскі ўраднік князя Паўла Гальшанскага. Жонка Марына Варыская (Уруская).
3 пакаленне
4.2 Васіль або Венцлаў Васільевіч Гладкі. Жонка Зофея Робшчанка (?).
5.2 Рыгор Васільевіч Гладкі.
6.3 Ян Фёдаравіч Гладкі. Харунжы менскі, суддзя Галоўнага трыбунала Вялікага княства літоўскага, паборца Менскага ваяводства. Уладальнік Путчына ў Менскім павеце. Жонка Аўлачымская. Не пакінуў нашчадкаў. Служыў у Мікалая Радзівіла Рудога, Крыштафа Радзівіла Пяруна, Януша Радзівіла, разам з якім удзельнічаў у Рокашы Забжыдоўскага.
7.3 Стэфан Фёдаравіч Гладкі. Пісар земскі менскі ў 1571 - 1617 г. Утрымліваўся на гэтым урадзе 46 гадоў (!). Жонка Зофея Якубаўна Абрамовічаўна. Меў часова маёнткі таксама на Полаччыне, у Аршанскім павеце, Свіслацкую воласць, у заставе маёнтак Узда. Меў дом у Менску насупраць Ратушы, адзін з фундатараў царквы на Нямізе. Атрымаў прывілей Жыгімонта Аўгуста на забудову ў Навасёлках карчмы. З таго часу, відавочна, Навасёлкі атрымалі статус мястэчка. Мястэчкам яны менаваліся ў інвентарах пачатку і сярэдзіны XVII стагоддзя, у 1652 г. фігуруюць і Навасельскія мяшчане. Згодна з апісаннем інвентара Навасёлак 1618 г. "бачна, што Навасёлкі былі вельмі добра забудаваныя, між іншымі мелася некалькі брам з заламі". Відавочна, разбураныя падчас вайны 1650-60-х гг.
4 пакаленне
8.4 Лукаш Венцлававіч Гладкі. Не пакінуў нашчадкаў.
9.4 Ян Васільевіч Гладкі. Не пакінуў нашчадкаў.
10.4 Наталля х N Хыбіца (Хыбіцкі?)
11.4 Марына х N Пумін.
12.4 Роза, не пакінула нашчадкаў.
13.4 Рэгіна х Яраш Касцюшка; 2. Рыгор Алабыш.
14.4 Ганна х Куцэвіч
16.5 Багдана х Сестранцэвіч
16.7 Крыштаф Стэфанавіч Гладкі. Пісарэвіч земскі менскі, ротмістр войска ВКЛ. Жонка Гальшка (Эльжбета) Буйвід, дачка Урбана Буйвіда і Зофеі Казельскай.
5 пакаленне
17.16 Стэфан Крыштафавіч Гладкі. Тэстамент 1691 г. Нашчадкаў не пакінуў. У 1673 г. прадаў Навасёлкі Гладкоўскія, у тым ліку Граблеўскія, Акалоўскія, Перасветаўшчыну і іншыя Стэфану Кастравіцкаму скарбніку Мсціслаўскаму. Да канца жыцця трымаў застаўныя маёнткі ў Менскім павеце: Маковішчы (Ліцьвянская, а раней, відавочна Зенькавіцкая парафія) ад Кастравіцкага, мястэчка Хатляны ад Быхаўца.
18.16 Ян Крыштафавіч Гладкі. Жонка Харлінская. Загінуў ад непрыяцеля маскоўскага ў 1655 (?) г. Менавіта ў 1655 г. Койданава і наваколле былі спалены маскоўска-казацкімі войскамі, у 1654 г. Ян яшчэ згадваецца, пасля- не. Жонка Харлінская, з якой пакінуў двух не названых па імёнах сыноў. Прадаў сваю частку маёнтка Навасёлкі Стэфану Ваньковічу. Аддаваў ў заставу землі маёнтка Путчын, на што дакументы, згодна з тэстаментам яго брата Стэфана, зніклі падчас забойства Яна.
19.16 Ганна х Самуэль Юндзіл, суддзя гродскі менскі. Нашчадкі па жаночай лініі Юндзілаў гэтай галіны жывуць зараз у Польшчы.
20.16 Зофея, нашчадкаў не заставіла.
Адносна нашчадкаў Яна Крыштафавіча Гладкага з Навасёлак. За адсутнасцю ўсіх метрычных кніг канца XVII - пачатку XVIII ст. не ўяўляецца пакуль верагодным ўкласці поўны радавод з наступнымі пакаленнямі Гладкіх. Вядома, што, згодна з тэстаментам 1691 г., Стэфан Крыштафавіч Гладкі ўсё перадаў Рафалу Багуфалу, каралеўскаму сакратару і свайму суседу, мянуючы яго "братам", "міма іншых бліжніх сваех кроўных, сыноўцаў і сястрынцаў, ад усялякай сваёй маёмасці на вечнасць аддаліўшы..". Тэстамент ён пісаў ува Ўсе, некаторыя папярэднія іншыя лісты- у Маковішчы, дзе, верагодна і жыў. Можна меркаваць, што дзесьці пад Маковішчамі нейкі час і жылі яго сыноўцы (пляменнікі па брату). Частку грошаў Стэфан ахвяраваў царквам у Зенькавічах, Хатлянах і Журовічах. Пахаваць сябе загадваў у койданаўскім касцёле.
У наступныя часы у інвентарах і метрыках сустракаюцца наступныя Гладкія:
Інвентар Станькава 1751 г. Іахім Гладкі ў вёсцы, аддзеленая ад Дабрынёва Скворцы. Ад яго радавод:
1 пакаленне
1. Іахім (у вуніяцкіх метрыках пісаўся Атрахім) х Рэгіна
2 пакаленне
2.1 Васіль, 1727-1816, калі верыць узросту ў метрыка аб смерці ў 1816 г. х Агата Філіпаўна Апраніч 1741-1811. (Апранічы- нашчадкі Станькаўскіх мяшчан з канца XVI ст.). У інвентары 1795 г. запісаны баярынам.
3.1 Стэфан * 1758
4.1 Агата * 1764
5.1 Тэкля * 1768
3 пакаленне
4.2 Андрэй х 1. Анастасія N, 2. Марыяна Івашына, 3. Марыяна Пазняк. У метрычных кнігах Койданаўскага касцёла 1797 г. Андрэй Гладкі з Навасёлак
5.2 Ян х Анастасія Хаміонка.
4 пакаленне
6.4 Андрэй
7.4 Васіль
8.4 Антоні
9.4 Эльжбета * 1799, х Ян Вайцяховіч. Іх дачка Дамініка за Антонам Калечыцам, маім прапрадзедам.
10.4 Францішка х Рыгор Біруля (Бірыла)
11.5 Матэвуш
12.5 Адам
5 пакаленне
13.11 Адам-Дамінік * 1825, хрышчаны ў Койданаўскім касцёле, з Навасёлак
З улікам усяго вышэйпаказанага, цалкам верагодна, што Гладкія XVIII стагоддзя з'яўляюцца нашчадкамі Гладкіх з Навасёлак XVIII стагоддзя, а менавіта Яна Крыштафавіча, які і пакінуў адзіны нашчадкаў:
1. У мясцовых інвентарах Койданава і Станькава канца XVI - XVIII ст. няма ніякіх іншых Гладкіх, тым больш не сялян з гэтым прозвішчам.
2. Гладкія з Станькаўскай парафіі XVIII ст. былі баярамі. У мясцовым рэгіёне зямянамі і баярамі ў XVIII ст. з'яўляліся ў пераважнай большасці нашчадкі адпаведна мясцовых зямян, баяр, і шляхты з інвентароў з папярэдніх стагоддзяў.
3. Эпізадычна Гладкія ў пазнейшыя часы пісаліся з Навасёлак. Магчыма, "па старай памяці". Дакладна там не жылі. Гладкіх няма ў Навасёлках у інвентары 1753 г., у рэвізскіх казках сялян двара Навасёлкі памешчыкаў Кастравіцкіх, зямян і чыншавай шляхты засценку Навасёлкі княгіні Варанецкай у 1795 г., рэвізскіх казках 1816 і 1834 гг.
4. Дзякуючы тэстаменту Стэфана Гладкага 1691 г. стала вядома, пры якіх абставінах нашчадкі Яна Крыштафавіча засталіся без нічога і можна меркаваць, што яны маглі жыць дзесьці пры дзядзьку Стэфане ў Маковішчах. У ліцьвянскую царкву часам хадзілі жыхары Станькава і Дабрынёва, таму не дзіўна, што менавіта адтуль Гладкія маглі з'ехаць у Дабрынёва. З іншага боку, напрыканцы XVIІ стагоддзя Дабрынёва трымаў у заставе Станіслаў Хршчановіч, падстароста койданаўскі, які трымаў адначасова і грунты ў саміх Навасёлках. Стэфан Крыштафавіч Гладкі сустракаецца ў метрычных кнігах Койданаўскага касцёла ў якасці кума ў Андрэя Шыкера, які на той час служыў пісарам пры Кршчановічы. Нельга выключаць і, што сыноўцы Стэфана ў які та час маглі аказацца на службе ў таго ж падстарасты і зноў-такі з'ехаць у Дабрынёва.
Метрыка Гладкага неўдакладненнага пакуль паходжання з кніг койданаўскага касцёла:
1820 г. Хр. Францішак-Бенедыкт Гладкі, сын Юзафа і Ганны, Койданава. Хросныя GD Мацей Дамброўскі і GD Іагана Пясецкая, ротмістравая наваградзкая.
Тэму, магчыма, буду ўдакладняць, уносіць звесткі. Калі з'явяцца факты, якія б аспрэчвалі відавочнае сваяцтва "койданаўскіх" Гладкіх XVII-XVIII ст., дадам таксама ў тэму. Пакуль такіх не знойдзена. Тэма для мяне цікавая і сур'ёзная, магчыма, калісьці будзе праца па ёй.