Спадар Уладзіслаў, шчыры дзякуй за грунтоўны адказ!
Сапраўды, гэта нашыя продкі: мой прадзед Ізыдар быў Мартынавы.
Сёння перапытала бабулю, аказалася, што братоў прадзеда Ізыдара звалі Стафан і Аляксандар, а не, як я пісала вышэй, Іосіф.
Аляксандар Марцінавіч Доўнар меў дачку Анэту (замужам за Каролем Пашкевічам) і сына Іосіфа.
Узніклі два пытанні:
1. Падкажыце, калі ласка, як могуць суадносіцца тапонімы “фальварак Запярхурава” і “вёска Таўкачоўшчына”?
У дакументах 10-х гадоў, з якімі я знаёмая паводле кнігі А.Залівакі, для пазнакі зямлі сыноў Мартына Доўнара сустракаецца менавіта назва "Запярхурава". У той самы час мая бабуля згадвае, што бацькаў хутар зваўся Таўкачоўшчына і быў паміж вёскай Плашава і Глухое Пярхурава. Тое самае пацвярджае яе метрыка аб нараджэнні, адноўленая ў 30-ыя гады, вайсковыя польскія і бэсэсэраўскія мапы: шнур зямлі паміж Плашава - Глухім Пярхурава (спаленае ў вайну) – саўгасам Сталіна падпісаны як хутары Таўкачоўшчына. Дапускаю, што Запярхурава была зменена на Таўкачоўшчыну ў 20-30-ыя гг.: побач былі дзьве вёскі з падобнымі назвамі Пярхурава і Глухое Пярхурава. Але адкуль выйшла Таўкачоўшчына?
Бабуля памятае сярод блізкіх сяброў бацькі суседа Пілецкага, з якім прадзед палюбляў хадзіць на паляванне. Тут я сустрэла згадку пра Тоўкачаў, як пра досыць заможны род на Койданаўшчыне(
http://www.nobility.by/forum/index.php?topic=725.0).
Магчыма, зямля, на якой быў наш фальварак належаў раней Тоўкач-Пілецкім ці межавала з ёй?
І таму менавіта гэта назва “выйшла” на мапы і метрыкі і стала агульнай для чарады дробных хутароў і фальваркаў.
2. Чаму ў цытаваных Вамі дакументах за 1915 год уладальнікамі фальварка Запярхурава называюцца Аляксандар Марцінавіч Доўнар, а таксама Даўнары Марцін Вікенцьевіч і Карл Вікенцьевіч (бацька і дзядзька)?
Мой прадзед Ізыдар Марцінавіч нарадзіўся ў 1861 годзе. У дакументах, на якія абапіраецца А.Залівака, уладальнікамі Запярхурава згадваюцца менавіта тры сыны Марціна (Аляксандар, Стафан, Ізыдар).
Вы маглі памыліцца ў даце, не 1915 г., але іншы год?
Альбо можна разглядаць гэты дакумент, як сведчанне, што на 1915 год быў жывыя яшчэ і старыя Даўнары – Мартын і Кароль?