ГЕНЕРАЛ АРТЫЛЕРЫІ,
дыгнітарскі ўрад у ВКЛ, кіраўнік артылерыі. Загадваў арсеналамі, збраёўнямі, парахоўнямі і людвісарнямі, займаўся забясьпячэньнем войска і арсеналаў порахам і амуніцыяй, навучаньнем артылерыстаў.
Вядомы з 17 ст., калі Кароль і Вял. Кн. Ўладзіслаў надаў артылерыі вайсковую арганізацыю (т.зв. «Артыкулы», абвешчаныя ў 1634 пад Смаленскам). Г.а. прызначаўся пажыцьцёва і ня меў права займаць вайсковых пасадаў. Першым кіраўніком артылерыі ВКЛ у 1638 стаў Мікалай Абрамовіч. Ад 1685 Г.а. атрымліваў 3 тыс. злотых на прыватныя патрэбы. Распараджаўся буйнымі грашовымі сродкамі, прымаў сьпец. прысягу не расходваць гэтыя грошы на інш. мэты, акрамя артылерыі. Даваў справаздачы і падпарадкоўваўся вял. гетману, з 1775 Вайсковаму дэпартаменту Ўсечасовай Рады.
© Ўладзіслаў Вяроўкін-Шэлюта, 1994.
Друкаваная версія: Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 2. Мн., 1994. С. 507.