ЗГУРТАВАНЬНЕ БЕЛАРУСКАЙ ШЛЯХТЫ

CТАТУТ
ЗГУРТАВАНЬНЯ БЕЛАРУСКАЙ ШЛЯХТЫ.

Прыняты на Сойме 2 мая 1996 г.

1. АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭНЬНІ.

1.1. Згуртаваньне Беларускай Шляхты (далей ЗБШ) — грамадзка-патрыятычная і навукова-культурная дабраахвотная арганізацыя, што дзейнічае згодна з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, дзейным заканадаўствам і гэтым Статутам.

1.2. Згуртаваньне Беларускай Шляхты зьяўляецца пераемнікам справаў ды традыцыяў шляхецкіх соймаў і соймікаў Вялікага Княства Літоўскага, спадкаемцам губернскіх і павятовых шляхецкіх дэпутацкіх сходаў, «Саюза асобаў, запісаных у радаводныя кнігі Менскай губэрні».

1.3. ЗБШ дзейнічае на падставе добраахвотнасьці, агульнай гістарычна-культурнай зацікаўленасьці, асабістага ўдзелу сваіх сябраў.

1.4. Згуртаваньне Беларускай Шляхты й яго філіі зьяўляюцца юрыдычнымі асобамі, маюць устаноўленых узораў пячаткі, штампы, блянкі й іншыя рэквізіты, бягучы, валютовы й іншыя рахункі ва ўстановах банкаў Рэспублікі Беларусь. Ва ўстаноўленым парадку ЗБШ можа мець рахункі ў банках іншых краінаў.

1.5. Згуртаваньне Беларускай Шляхты мае свой гэрб і харугву, а рэчаісныя сябры — нагрудны знак.

1.6. Згуртаваньне Беларускай Шляхты можа ўcтупаць у міжнародныя грамадзкія аб’яднаньні, удзельнічаць у стварэньні міжнародных саюзаў грамадзкіх аб’яднаньняў. ЗБШ мае права падтрымліваць прамыя міжнародныя кантакты і сувязі, заключаць адпаведныя пагадненьні й зьдзяйсьняць ва ўстаноўленым парадку зьнешнеэканамічную дзейнасьць, і рабіць іншыя захады, якія не супярэчаць заканадаўству Рэспублікі Беларусь і яе міжнародным забавязаньням.

1.7. Справаводзтва ЗБШ вядзецца ва ўстаноўленным парадку ў адпаведнасьці зь дзейным заканадаўствам. Дакументы па гаспадарчай дзейнасьці і асабістаму складу здаюцца ва ўстановы архіва па месцы знаходжаньня юрыдычнага адрасу.

1.8. ЗБШ паведамляе ў трохмесячны тэрмін пра рэгістрацыю, ліквідацыю або рэарганізацыю ў афіцыйным выданьні (газета «Рэспубліка» і інш.).

1.9. Юрыдычны адрас: [адрас і тэлефон у інтэрнэт-публікацыі выдалены].

2. МЭТЫ, ЗАДАЧЫ І МЭТАДЫ ДЗЕЙНАСЬЦІ ЗБШ.

2.1. Асноўнымі мэтамі ЗБШ ёсьць:
— аб’яднаньне й згуртаваньне асобаў шляхецкага стану на падставе агульных інтарэсаў;
— усебаковае вывучэньне, зберажэньне, адраджэньне й разьвіццё беларускай нацыянальнай духоўнай і матар’яльнай культуры;
— выяўленьне слаўных старонак агульнай і вайсковай гісторыі Беларусі, высьвятленьне ўкладу Беларускай шляхты ў гісторыю Дзяржавы.

2.2. Асноўнымі задачамі ЗБШ ёсьць:
— аднаўленьне й разьвіцьцё шляхецкіх традыцыяў, навыкаў і ўзораў шляхецкіх паводзінаў сярод насельніцтва Беларусі;
— навуковая распрацоўка праблемаў генеалёгіі, гэральдыкі й гісторыі шляхецкага стану Беларусі, прапаганда ды пашырэньне гістарычных ведаў;
— вывучэньне традыцыяў навуковых гістарычна-радаводных дасьледваньняў і гісторыяў родаў і сем’яў;
— узаемны абмен вопытам і здабыткамі генеалягічнае працы зь іншымі падобнымі арганізацыямі сьвету.

2.3. Мэтадамі дзейнасьці ЗБШ ёсьць:
— папулярызацыя традыцыяў беларускай шляхты;
— навуковыя досьледы ў розных галінах ведаў;
— лекцыйная праца па гісторыі і культуры Беларусі.

3. ПРАВЫ Й АБАВЯЗКІ.

3.1. ЗБШ мае абавязак:
— зьбіраць, апрацоўваць і вывучаць матар’ялы па генеалёгіі, гэральдыцы, гісторыі шляхты, вайсковай гісторыі Беларусі й іншых зьвязаных зь імі навуках;
— клапаціцца пра захаваньне, вывучэньне й папаўненьне сямейных архіваў і збораў.

3.2. ЗБШ мае права:
— прадстаўляць і абараняць правы і законныя інтарэсы сваіх сябраў у дзяржаўных, гаспадарчых і грамадзкіх органах і арганізацыях;
— ладзіць канфэрэнцыі, сімпозіюмы, сходы, лекцыі, чытаньні, вечарыны, выставы, экскурсіі й іншыя навуковыя, культурныя й відовішчныя імпрэзы, прапагандуючы свае мэты й задачы;
— праводзіць генеалягічную, гэральдычную й гістарычную экспертызы й досьледы;
— фінансаваць і замаўляць выкананьне генеалягічных досьледаў іншым арганізацыям, установам і прыватным асобам;
— устанаўліваць прэміі й ганаровыя медалі за працы ў галінах генеалёгіі, гэральдыкі, гісторыі Беларускай шляхты й зьвязаных зь імі дысцыплінах;
— засноўваць уласныя і карыстацца ва ўстаноўленым парадку дзяржаўнымі сродкамі масавай інфармацыі;
— зьдзяйсьняць выдавецкую і паліграфічную дзейнасьць;
— мець, арганізоўваць, ліквідоўваць, набываць, адчужаць і арандаваць прадпрыемствы й іншыя гаспадарча-разьліковыя структуры (незалежна ад формаў уласнасьці), будынкі й часткі іх, жыльлёвы фонд, транспартныя сродкі, памнажальную, інфармацыйную й кампутарную тэхніку, сродкі сувязі, іншае абсталяваньне й інвентар;
— мець грашовыя сродкі й каштоўныя паперы.
— ажыццяўляць вытворча-гаспадарчую дзейнасьць, накіраваную на вырашэньне статутавых мэтаў і задачаў.

4. СЯБРОЎСТВА Ў ЗБШ.

4.1. Сябрамі ЗБШ могуць быць грамадзяне Беларусі, замежных краінаў, асобы без грамадзянства, якія дасягнулі 18 гадоў веку.

4.2. Сябрамі ЗБШ зьяўляюцца асобы, калі яны маюць продкаў шляхетнага стану і паходзяць зь Вялікага Княства Літоўскага альбо зь іншых краінаў сьвету.

4.3. Сяброўства ў ЗБШ бывае двух відаў:
— сябра-прэтэндэнт;
— рэчаісны сябра.

4.3.1.1. Сябрам-прэтэндэнтам можа быць асоба, якая:
— мае прозьвішча нашчадка шляхціча зь Вялікага княства Літоўскага, пацьверджанага ці не пацьверджанага ў дваранстве гэральдычнымі ці судовымі ворганамі Расейскай імперыі альбо
— мае прозьвішча нашчадка прадстаўніка шляхецкага стану іншых краінаў сьвету.

4.3.1.2. Галоўны сакратар’ят залічвае асобу ў склад сябраў-прэтэндэнтаў, калі:
— тая заплаціла ўступную складку й прадставіла пісьмовае хадайніцтва ў Галоўную Канцэлярыю ці Сакратар’ят філіі;
— Выводная камісія мяркуе, што маюцца падставы да залічэньня.

4.3.2.1. Рэчаісным сябрам можа быць асоба, якая:
— прадставіла дакументальныя доказы свайго шляхецкага паходжаньня альбо
— прадставіла шэсьць сьведкаў-шляхцічаў, рэчаісных сябраў ЗБШ, якія-б сьцьвердзілі шляхецтва прэтэндэнта альбо
— давяла сваё шляхецкае паходжаньне на падставе аргументаваных ускосных доказаў.

4.3.2.2. Найвышэйшая Рада ЗБШ абірае асобу ў склад рэчаісных сябраў, калі Выводная камісія мяркуе, што маюцца падставы да абраньня сябра-прэтэндэнта рэчаісным сябрам.

4.3.2.3. Найвышэйшая Рада ЗБШ можа надаць рэчаіснаму сябру ЗБШ ці рэчаіснаму сябру арганізацыі, аналягічнай ЗБШ, іншай краіны сьвету, званьне «Ганаровы сябра Згуртаваньне Беларускай Шляхты».

4.4 Сябра ЗБШ павінен:
— падзяляць мэты й задачы ЗБШ, выконваць патрабаваньні ягонага Статуту;
— дбаць пра інтарэсы ЗБШ, прапагандаваць ягоную дзейнасьць;

4.5.1. Рэчаісны сябра ЗБШ мае права:
— абіраць і быць абраным на ўсе пасады ў ЗБШ;
— вырашальнага голасу на ўсіх паседжаньнях і па ўсіх пытаньнях дзейнасьці ЗБШ;
— бяскоштна карыстацца паслугамі даведачных аддзелаў ЗБШ.

4.5.2. Сябра-прэтэндэнт мае права:
— дарадчага голасу на агульных паседжаньнях ЗБШ;
— бяскоштна карыстацца паслугамі даведачных аддзелаў ЗБШ.

4.5.3. Выключаная з ЗБШ асоба можа абскардзіць рашэньне Найвышэйшае Рады на найбліжэйшым Сойме.

4.6. Сяброўства ў ЗБШ спыняецца:
— па ўласным жаданьні альбо
— за ўчынкі, якія дыскрэдытуюць ЗБШ й шляхецкую годнасьць, шкодзяць дзейнасьці й аўтарытэту ЗБШ.

5. СТРУКТУРА, ВЫБАРНЫЯ ОРГАНЫ.

5.1.1. Найвышэйшым органам ЗБШ зьяўляецца Сойм, што склікаецца не радзей як адзін раз на пяць гадоў, які:
— прымае Статут ЗБШ, уносіць у яго зьмены й дадаткі;
— прымае праграмныя дакументы ЗБШ;
— вызначае асноўныя накірункі дзейнасьці ЗБШ;
— зацьвярджае сімволіку ЗБШ;
— абірае Вялікага Маршалка, Ганаровага Маршалка, Канцлера, Суддзю Выводнага, Галоўнага Скарбніка;
— абірае Найвышэйшую Раду;
— абірае Рэвізійную камісію;
— заслухоўвае й зацьвярджае справаздачы Найвышэйшай Рады й Рэвізійнай камісіі;
— вырашае любыя іншыя пытаньні зьвязаныя зь дзейнасьцю ЗБШ.

5.1.2. Склікаць пазачарговы Сойм ЗБШ маюць права:
— Найвышэйшая Рада;
— дзьве трэці рэчаісных сябраў ЗБШ альбо
— дзьве трэці філіяў ЗБШ альбо
— Рэвізійная камісія.

5.2.1. Кіроўным органам ЗБШ зьяўляецца Найвышэйшая Рада, што зьбіраецца не радзей як два разы на год, якая:
— вырашае статутавыя задачы ЗБШ ў прамежкавы час паміж Соймамі;
— прызначае час, норму прадстаўніцтва й парадак абраньня паслоў Сойму ЗБШ;
— прызначае Галоўную Канцэлярыю са свайго складу;
— зацьвярджае ўзоры рэквізітаў, парадак выкарыстаньня сімволікі й рэквізітаў ЗБШ;
— стварае й ліквідуе дэпартаменты, аддзелы, камісіі й рабочыя групы;
— стварае й ліквідуе прадпрыемствы й іншыя гаспадарча-разьліковыя структуры, зацьвярджае іхныя статуты (палажэньні) і кіраўнікоў;
— зацьвярджае штат ЗБШ, аклады па пасадах;
— прызначае рэдактара друкаванага воргана;
— абірае рэчаісных сябраў ЗБШ;
— надае званьне «Ганаровы сябра Згуртаваньня Беларускай Шляхты»;
— выключае асобаў з ЗБШ;
— прымае рашэньні аб рэгістрацыі й ліквідацыі асяродкаў ЗБШ;
— заслухоўвае й зацьвярджае справаздачы Радаў філіяў;
— заслухоўвае й зацьвярджае справаздачы Галоўнай Канцэлярыі й Скарбовай камісіі;
— заслухоўвае штогадовае паведамленьне Рэвізійнай камісіі й прымае неабходныя меры дзеля ліквідацыі хібаў у працы ЗБШ;
— зацьвярджае каштарысы даходаў і выдаткаў за мінулы й на будучы гады;
— прысуджвае прэміі й ганаровыя медалі ЗБШ;
— тлумачыць артыкулы гэтага Статуту;
— прадстаўляе справаздачу Сойму;
— разглядае іншыя пытаньні дзейнасьці ЗБШ у межах сваёй кампетэнцыі.

5.2.2. Найвышэйшая Рада складаецца з рэчаісных сябраў, якія абіраюцца ў яе:
— згодна з пасадамі (Вялікі Маршалак, Ганаровы Маршалак, Канцлер, Суддзя Выводны, Галоўны Скарбнік);
— згодна з персанальным абраньнем.

5.2.3. На месца выбыўшых Найвышэйшая Рада можа кааптаваць у свой склад рэчаісных сябраў ЗБШ да часу найбліжэйшага Сойму.

5.2.4. Працаю Найвышэйшай Рады кіруе Вялікі Маршалак, які надзяляецца правамі і абавязкамі кіраўніка юрыдычнай асобы, у тым ліку:
— прадстаўляе ЗБШ ў дачыненьнях з усімі ўстановамі, арганізацыямі й асобамі;
— падпісвае заключаныя Найвышэйшаю Радаю дамовы, забавязаньні, даверанасьці й пасьведчаньні.

5.2.5. У Згуртаваньні Беларускай Шляхты можа быць Ганаровы Маршалак, абраны зь ліку рэчаісных сябраў ЗБШ, якія аказалі асабліва значныя паслугі ЗБШ, які:
— мае права выконваць абавязкі Вялікага Маршалка па прызначэньні Найвышэйшае Рады;
— зацьвярджае прэміі й ганаровыя медалі ЗБШ.

5.2.6. У час адсутнасьці Вялікага Маршалка ці немагчымасьці ім выконваць свае абавязкі ягонымі правамі валодае Маршалак Менскі, які зьяўляецца Намесьнікам Вялікага Маршалка.

5.3.1. Выканаўчым органам ЗБШ зьяўляецца Галоўная Канцэлярыя, што працуе стала, якая:
— кіруе справамі ЗБШ ў межах правоў, нададзеных Найвышэйшаю Радаю;
— каардынуе дзейнасьць асяродкаў ЗБШ;
— распараджаецца грашовымі сродкамі ў вызначаных каштарысамі межах;
— зьдзяйсьняе ліставаньне ад імя ЗБШ;
— вядзе пратаколы Соймаў, паседжаньняў Найвышэйшае Рады;
— залічвае асобаў у склад сябраў-прэтэндэнтаў;
— вядзе ўлік асабовага складу ЗБШ;
— распрацоўвае ўзоры рэквізітаў ЗБШ й прадстаўляе іх на зацьверджваньне Найвышэйшай Радзе;
— прадстаўляе на зацьверджваньне кандыдатуры кіраўнікоў прадпрыемстваў і іншых гаспадарча-разьліковых структураў ЗБШ, штат ЗБШ і аклады па пасадах;
— прадстаўляе працы на ўзнагароджваньне прэміямі й ганаровымі медалямі ЗБШ;
— прадстаўляе матар’ялы аб выключэньні асобаў з ЗБШ;
— прадстаўляе гадавую справаздачу Найвышэйшай Радзе.

5.3.2. Канцлер:
— кіруе працаю Галоўнай Канцэлярыі ЗБШ;
— кантралюе дзейнасьць Сакратар’ятаў філіяў.

5.4. Суддзя Выводны:
— кіруе працаю Выводнай камісіі;
— праводзіць генеалягічную й гэральдычную экспертызу.

5.5. Галоўны Скарбнік.
— кіруе працаю Скарбовай камісіі;
— прадстаўляе ЗБШ ў фінансавых дачыненьнях з усімі ўстановамі, арганізацыямі, банкамі й асобамі;
— прымае ўсе грашовыя паступленьні ў скарбніцу ЗБШ;
— выдаткоўвае грашовыя сродкі адпаведна пастановаў Сойму й каштарысаў Найвышэйшае Рады;
— кантралюе дзейнасьць скарбнікаў філіяў;
— прадстаўляе гадавую справаздачу Скарбовай камісіі Найвышэйшай Радзе.

5.6.1. Рэвізійная камісія, што зьбіраецца не радзей аднаго разу на год:
— кантралюе дзейнасьць выбарных органаў ЗБШ, яго службовых асобаў, арганізацыйных і гаспадарчых структураў;
— кантралюе выкананьне палажэньняў Статуту сябрамі ЗБШ;
— зьдзяйсьняе кіраўніцтва Рэвізійнымі камісіямі філіяў;
— прадстаўляе штогадовае паведамленьне Найвышэйшай Радзе;
— прадстаўляе Сойму справаздачу за час ад папярэдняга Сойму.

5.6.2. У склад Рэвізійнае камісіі ўваходзяць:
— Старшыня;
— Сакратар;
— сябры камісіі.

5.7. Асяродкамі ЗБШ зьяўляюцца аб’яднаньні грамадзянаў па месцы жыхарства:
— суполка (складаецца ня менш як з трох рэчаісных сябраў);
— філія (складаецца ня менш як зь дзьвюх суполак).

5.8. Вышэйшым органам філіі зьяўляецца соймік, што склікаецца не радзей як адзін раз у паўтары гады.
Кіроўным органам філіі зьяўляецца Рада, што зьбіраецца не радзей як чатыры разы на год. Раду філіі абірае соймік.
Выканаўчым ворганам філіі зьяўляецца Сакратар’ят, што працуе стала. Сакратар’ят філіі прызначаецца Радаю філіі са свайго складу.
Соймік абірае Рэвізійную камісію філіі, што зьбіраецца не радзей аднаго разу на год.

5.9. Выбарныя ворганы філіяў знаходзяцца ў падпарадкаваньні цэнтральным органам ЗБШ.

5.10. Выбарныя ворганы ЗБШ месьцяцца ў г. Мінску, выбарныя ворганы філіяў — у вабласных і раённых цэнтрах.

6. СРОДКІ Й МАЁМАСЬЦЬ.

6.1. ЗБШ мае свае сродкі й маёмасьць, што складаюцца з:
— уступных і дабрачынных складкаў сябраў ЗБШ;
— паступленьняў ад гаспадарча-разьліковай дзейнасьці;
— ахвяраваньняў, фундацыяў і іншых укладаў прыватных асобаў, установаў, арганізацыяў Беларусі й замежжа;
— маёмасьці перайшоўшай у спадчыну, атрыманай у дар альбо набытай у парадку, вызначаным дзейным заканадаўствам.

6.2. Сродкі ЗБШ ідуць на навуковую, асьветніцкую, адукацыйную, культурную, мастацкую, прапагандысцкую, арганізацыйную, гаспадарча-разьліковую й іншую дзейнасьць, вызначаную гэтым Статутам.

6.3. ЗБШ не нясе маёмаснай, юрыдычнай і іншай адказнасьці па прыватных абавязках сваіх сябраў, таксама й яны не адказваюць па абавязках ЗБШ.

7. ПРЫПЫНЕНЬНЕ ДЗЕЙНАСЬЦІ.

7.1. Прапанова аб прыпыненьні дзейнасьці ЗБШ можа быць вынесена на абмеркаваньне Сойму толькі:
— Найвышэйшаю Радаю альбо
— трыма чвэрцямі суполак альбо
— трыма чвэрцямі рэчаісных сябраў ЗБШ.

7.2. Пастанова аб прыпыненьні дзейнасьці ЗБШ прымаецца трыма чвэрцямі галасоў пайменна абраных на Сойм паслоў.

7.3. Прыпыненьне дзейнасьці ЗБШ можа быць праведзена ў форме касаваньня ці рэарганізацыі.

7.4. ЗБШ можа быць скасавана паводле пастановы суда.

7.5. Пазасталыя пасьля задавальненьня патрабаваньняў крэдытораў сродкі й маёмасьць скарыстоўваюцца Ліквідацыйнаю камісіяй у адпаведнасьці з мэтамі й задачамі ЗБШ.

  Згуртаваньне Беларускай Шляхты
        Гісторыя
        Сяброўства
        Статут
        Кіраўніцтва
        Асяродкі
  Сьпіс шляхецкіх родаў
        Агульны сьпіс
        Тытулаваныя роды
            Князі
            Графы
            Бароны
  Выданьні ЗБШ
        Часапіс «Годнасьць»
            1993. № 1.
            1994. № 1(2).
            1997. № 1(3).
            1997. № 2(4).
            2003. № 1(5).
        Кніжная серыя «Маёнткі і людзі»
        Альманах «Nomenclator»
  Шляхецкая энцыкляпедыя
  Бібліяграфія па генеалёгіі
  Парады па пошуку радавода
  Спасылкі на іншыя рэсурсы
  Форум
[an error occurred while processing this directive]
  www.nobility.by © Згуртаваньне Беларускай Шляхты, 2002