ЗЯМЯНЕ, з я м л я н е,
(польск. ziemianie ад ziemia зямля), катэгорыя ваенна-служылага насельніцтва ВКЛ, частка феадальнага стану.
1) У 1516 ст. назва З. пашырылася сярод маламаёмаснага баярства ў зах. землях ВКЛ, што тлумачыцца ўжываньнем польскай тэрміналёгіі і перасяленьнем пэўнай часткі польскай шляхты ў ВКЛ. Попіс войска ВКЛ 1528 дакладна адрозьнівае пошты (ваенныя атрады) баярскія ад зямянскіх. Пазьней гэтыя дзьве катэгорыі насельніцтва атаясамліваюцца «зямяне або баяры». Заможная частка З. злівалася са шляхтаю, бяднейшая захавала сваю назву і знаходзілася ў васальных адносінах зь Вял. Князем ці феадаламі.
З. павінны былі плаціць чынш і каняўшчыну, але ў выпадку вайны іх ня сплочвалі, а мусілі ставаць з канём і рыштункам у войска. З. не выступалі пад павятоваю харугваю, а толькі ў атрадзе пана. У адрозьненьне ад шляхты ня ўдзельнічалі ў сойміках. Да пач. 18 ст. З. як асобная катэгорыя амаль зусім зьніклі, увайшлі ў склад шляхты альбо сялян, трымаўшых зямлю на чыншавым праве.
Пасьля падзелаў Рэчы Паспалітай З. былі абкладзены падушным падаткам, але ў меншым памеры, чым сяляне. Аднак часта З. былі пісаны ў рэвізіі як сяляне. Многія З. даказвалі сваё паходжаньне перад дваранскімі дэпутацкімі сходамі як шляхцічы, пасьля гэтага ўлічваліся сярод шляхты. У рэвізію 1834 З. не вылучаліся як асобная група і надалей улічваліся як сяляне.
2) Назва земляўласьнікаў у ВКЛ пераважна ў 17 ст. Мела сэнс тлумачэньня месца жыхарства і статуса валоданьня зямельнай маёмасьцю (напр. «зямянін гаспадарскі Наваградзкі»).
3) Назва буйных земляўласьнікаў (у польскай мове) у 1920 ст.
© Ўладзіслаў Вяроўкін-Шэлюта, 1996.
Друкаваная версія: Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 3. Мн., 1996. С. 461.