князь РАДЗІВІЛ гэрбу ўласнага.
kniaź RADZIVIL herbu wlasnaha.
Pol. kniaź Radziwiłł. Рус. князь Радзивилл.
Радзівіл Осьцікавіч († 1477), сын Крысьціна Осьціка († к. 1444), вядомы з часу Гарадзельскай уніі 1413, калі ён прыняў польскі гэрб «Трубы». Імя ўласнае «Радзівіл» замацавалася ў ягоных унуках у якасьці прозьвішча.
Сын Радзівіла Осьцікавіча Мікалай Радзівілавіч († 1509) меў 4 сыноў, ад трох зь іх (Мікалая, Яна і Юрыя) пайшлі асобныя лініі роду.
Мікалай Мікалаевіч Радзівіл (* 1470, † 1521) атрымаў 1518.02.25 ад Імператара Сьвятой Рымскай Імперыі тытул князя «на Ґаняндзу і Мядзеле», тытул быў пацьверджаны ў 1518 Вялікім Князем Жыґімонтам. Гэтая лінія рода згасла ў наступным пакаленьні.
Мікалай «Руды» Юревіч Радзівіл (* 1512, † 1584), сын Юрыя Радзівілавіча і брат Барбары (* 1520, † 1551), якая выйшла ў 1550 замуж за Вялікага Князя Жыґімонта-Аўґуста, атрымаў 1547.12.10 ад Імператара Сьвятой Рымскай Імперыі тытул князя «на Біржах і Дубінках», гэты-ж дыплём датычыў і стрыечных братоў Мікалая «Чорнага» і Яна Янавічаў Радзівілаў. Адгалінаваньне Мікалая «Рудога» згасла ў мужчынскім пакаленьні ў 1669, а маёнткі перайшлі ў рукі князёў Нэйбурґскіх.
Мікалай «Чорны» Янавіч Радзівіл (* 1515, † 1565), атрымаў для сябе пацьвярджальны прывілей 1547.12.14, з тытулам князя «на Алыцы, Нясьвіжу, Біржах і Дубінках». Ён таксама атрымаў 1553.07.10 ад Імператара Сьвятой Рымскай Імперыі прывілей на ўзьвядзеньне маёнтка Шыдлавец у ранг графства і права сабе, нашчадкам і далейшым уладальнікам графства на тытул «графаў на Шыдлаўцу». Ян Янавіч (* 1516, † 1551), крайчы ВКЛ, нашчадкаў ня меў. Вялікі Князь Жыґімонт-Аўґуст пацьвердзіў 1549.01.25 гэтыя тытулы.
Уладаньні князя Мікалая «Чорнага» Радзівіла былі падзелены на тры часткі, зь якіх утвораны ардынацыі для сыноў. Князь Мікалай-Крыштаф «Сіротка» (* 1549, † 1616) атрымаў Нясьвіскую ардынацыю, князь Альбрыхт (* 1558, † 1592) Клецкую, князь Станіслаў (* 1559, † 1599) Алыцкую.
Па сьмерці князя Альбрыхта-Станіслава (* 1593, † 1656), сына князя Станіслава, Алыцкая ардынацыя перайшла ў рукі князя Міхала-Казімера (* 1635, † 1680), ардыната Нясьвіскага. Абедзьве ардынацыі знаходзіліся ў рукох ягоных нашчадкаў да 1813, калі памёр князь Дамінік-Геранім (* 1786, † 1813). Ягоны сын Аляксандар-Дамінік (* 1808, † 1859) быў народжаны да шлюба бацькоў, ён быў пазбаўлены ў 1822 у Расейскай Імперыі маёмасных правоў. Быў прызнаны законным сынам у 1822 у Аўстрыйскай імперыі, тамака-ж ягоныя дзеці атрымалі ў 1905 тытул сьвятлейшых князёў. Гэтая галіна згасла.
Па сьмерці князя Станіслава-Казімера (* 1648, † 1690), праўнука князя Альбрыхта, Клецкая ардынацыя перайшла ў рукі князя Дамініка-Мікалая (* 1653, † 1697), брата князя Міхала-Казімера, ардыната Нясьвіскага і Алыцкага.
Князь Міхал-Геранім (* 1744, † 1831), праўнук князя Дамініка-Мікалая, меў старэйшага сына князя Людвіка-Мікалая (* 1773, † 1830), які быў ардынатам Клецкім, як і ягоны безпатомны сын. Князь Антоні-Генрык (* 1775, † 1833), другі сын Міхала-Гераніма, валодаў маёнткамі ў Прусіі, дзе ўтварыў Пшыгодзіцкую ардынацыю, да яго-ж перайшлі Нясьвіцкая і Алыцкая ардынацыі.
Князь Вільгельм (* 1791, † 1870), старэйшы сын Антонія-Генрыка, атрымаў Нясьвіскую ардынацыю. Князь Багуслаў-Фрыдэрык (* 1805, † 1873), другі сын Антонія-Генрыка, атрымаў Алыцкую і Пшыгодзіцкую ардынацыі. Гэтыя адгалінаваньні роду атрымалі ў 1859 і 1861 у Прусіі тытул сьвятлейшых князёў. Для ўнукаў князя Багуслава-Фрыдэрыка Алыцкая і Пшыгодзіцкая ардынацыі былі разьдзелены для асобных галін роду.
Антоні-Вільгельм (* 1833, † 1904), сын Вільгельма, ардынат Нясьвіскі, атрымаў у 1874 Клецкую ардынацыю, якія знаходзіліся ўвалоданьні ягоных нашчадкаў да 1939. Для Станіслава-Вільгельма (* 1880, † 1920), малодшага сына Антонія-Вільгельма, была ўтворана Давід-Гарадоцкая ардынацыя. У сувязі з тым, што ён ня меў сыноў, ардынацыя перайшла да другога сына ягонага старэйшага брата Юрыя-Фрыдэрыка (* 1860, † 1914), ардыната Нясьвіскага і Клецкага, Караля-Мікалая (* 1886, † 1968).
Існуе вялікая галіна рода Радзівілаў, прадстаўнікі якой валодалі маёнткамі на звычайным праве, без утварэньня ардынацый.
Род унесены ў 5 ч. РК Менскай губ.
Вывад: 1867.03.21 (Менскі ДДС), указ 1868.02.27 № 792.
© Ўладзіслаў Вяроўкін-Шэлюта, 2004.
|