ГЭРБАР,
збор выяваў гэрбаў у форме рукапісу ці кнігі.
Г. існавалі ўжо ў палове 13 ст. У выглядзе турнайных сьпісаў і прыпадковых збораў гэрбаў. З разьвіццём інстытута гэрольдаў пачынаецца складаньне Г. пры дварах манархаў, дзе зьбіраюцца гэрбы рыцарства розных краінаў, звычайна ў турнайных мэтах. У 1-й пал. 15 ст. ў заходнеэўрапейскіх Г. зьяўляюцца гэрбы рыцарства ВКЛ «Armorial Lyncenich» (Брусэль), «Codex Bergshammar» (Стакгольм), «Armorial de la Toison d’Or» (Парыж) ды інш. Некалькі цікавых гэрбаў літоўскіх і рускіх князёў зьмяшчае кроніка Канстанцкага сабору Ульрыка Рыхэнталя.
Найстарэйшым польскім Г. зьяўляецца «Insignorum clenodiorum Regis et Regni Poloniae descriptor» (2-я пал. 15 ст.), аўтарам якога лічыцца Я.Длугаш. У Польшчы, а потым і ў ВКЛ выпрацавалася адмысловая форма Г., якая акрамя выяваў гэрба ўтрымлівала кароткія зьвесткі пра дзеі рода.
Гэрбы беларускай шляхты складаюць «Herbarz rycerstwa W. X. Litewskiego» В.Віюка-Каяловіча. Ён, аднак, зьмяшчае невялікую частку гэрбаў шляхты ВКЛ.
Увогуле, ніводзін Г. не зьяўляецца поўным зборам гэрбаў шляхты сваёй краіны. У Францыі была спроба складання поўнага Г. Францыі, таксама было некалькі спробаў складання гэнеральных Г. усіх гэрбаў (Armorial General).
Зараз большасць манархіяў не праводзяць набілітацый і толькі Гішпанская гэрольдыя займаецца рэгістрацыяй гэрбаў шляхцічаў усіх краін.
© Ўладзіслаў Вяроўкін-Шэлюта, 1997.
Друкаваная версія: Беларуская энцыклапедыя. Т. 5. Мн., 1997. С. 173.