ГЭРБ,
(ад ням. erbe спадчына), сімвалічная эмблема, візуальны адпаведнік пэўнай асобы ці рода, каталіцкага закона, горада, дзяржавы.
Першыя Г. ўзьніклі ў канцы 1112 ст. ў часы крыжовых паходаў. Крыніцамі гэрбавых эмблем найчасьцей былі пячаткі, вядомыя са старажытнасьці. Раньні Г. уяўляў сабою шчыт з выяваю (гал. атрыбут), потым у склад Г. ўвайшлі гэлм, кляйнот (фігура на гэлме), намёт (напачатку намочаная тканіна, якой накрывалі гэлм ад сонца), карона. У позьнім сераднявеччы ў Г. зьявіліся менш абавязковыя элементы шчытаношы, дэвізная стужка і ордэны.
Гэрбавыя выявы падзяляюцца на гэральдычныя фігуры (1-га і 2-га парадку) і звычайныя (натуральныя і штучныя). Колеры ў Г. ствараюцца фарбамі (чырвоная, блякітная, зялёная, пурпуровая [фіялетавая], чорная) і металамі (золата і срэбра [жоўты і белы]), скарыстоўваецца таксама футра (гарнастая і вавёркі). У Г. бел. шляхты пераважаюць чырвоныя і блякітныя фарбы, футры практычна не ўжываюцца.
У ВКЛ Г. зьявіліся ў 2-й пал. 14 ст., найб. стараж. Г. вядомы па пячатцы баярына Вайдылы (1380). Легендарная частка літ.-бел. летапісаў згадвае Г. «Кітаўрус», «Калюмны», «Урсін», «Ружа» і «Пагоня».
У сераднявеччы Г. быў знакам шляхціча і атаясамліваўся з пашырэньнем яго ўлады на пэўную тэрыторыю. Калі гэтая ўлада была працяглаю ў часе Г. замацоўваўся і ператвараўся ў зямельны ці дзяржаўны і нават пры ўладзе ўжо інш. феадала ці манарха выконваў сваю адпаведную функцыю.
Пазьней узьніклі Г. каталіцкіх законаў і гарадоў (першы гарадзкі Г. у ВКЛ атрымала Вільня ў 1387).
Г. вывучае гэральдыка, зборы Г. называюцца гэрбарамі.
© Ўладзіслаў Вяроўкін-Шэлюта, 1995.
Друкаваная версія: Беларусь. Энцыклапедычны даведнiк. Мн., 1995. С. 219220. Беларуская энцыклапедыя. Т. 5. Мн., 1997. С. 171172.