ІНСТЫГАТАР,
(ад лац. instigo узбуджаю), шляхецкі ўрад у ВКЛ.
1) Выконваў функцыі гал. пракурора дзяржавы. Упершыню згадваецца ў 1565, з сяр. 17 ст. меў намесьнікам віцэ-інстыгатара. Выступаў па ўсіх справах неакрэсьленых у праве, уносіў скаргі па здраду дзяржаве і абражэньне маястату Вял. князя. Пільнаваў даходы са сталовых маёнткаў Вял. Князя, уносіў скаргі супроць ураднікаў па гасп. справах. Засядаў у судах задворным асэсарскім (з правам дарадчага голасу) і рэфэрэндарскім, падпарадкоўваўся канцлеру.
2) Трыбунальскія І. судовыя ўраднікі ў Трыбунале Вялікага Княства Літоўскага (з 1581). Прызначаліся маршалкам трыбунала. Падзяляліся на скрынкавых І., якія падтрымлівалі абвінавачаньне і бралі аплату ад бакоў, і І. бясьпекі, якія падтрымлівалі парадак у будынку трыбунала і ў горадзе, дзе праходзіла кадэнцыя.
© Ўладзіслаў Вяроўкін-Шэлюта, 1996.
Друкаваная версія: Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 3. Мн., 1996. С. 490.