ПРАДВАДЗІЦЕЛЬ ДВАРАНСТВА,
м а р ш а л а к д в а р а н с т в а,
кіраўнік дваранскай карпарацыі павета ці губерні ў Рас. імперыі.
Пасада ўведзена пад уплывам адпаведных урадаў у дваранскіх карпарацыях Прыбалтыкі і Рэчы Паспалітай (гл. Маршалак). Першыя выбары П.д. ў паветах адбыліся ў 1766. Тэрмін іх дзеяньня абмяжоўваўся 2 гадамі. На кожныя наступныя выбары павінен быў давацца адпаведны ўказ. У 1771 зазначана, што выбары праводзяцца стала, безь сьпец. указаў. У 1775 тэрмін дзейнасьці П.д. падоўжаны да 3 гадоў.
Пасьля Першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772), паводле ўказа ад 13.09.1772 і сьпец. ордэра магілёўскаму і пскоўскаму губернатарам, шляхта Ўсх. Беларусі павінна была прадставіць зьвесткі пра сябе, і толькі пасьля гэтага было дазволена выбіраць маршалкаў (П.д.). Першыя выбары ва Ўсх. Беларусі згадваюцца ў 1777.
Паводле Даравальнай граматы дваранству 1785 дваранскія карпарацыі ўзьніклі і на губернскім узроўні Дваранскія дэпутацкія сходы, уведзены пасады губернскіх П.д. У час праўленьня Паўла I (1796-1801) дзейнасьць Граматы была адмененая. Адноўлена 02.04.1801 Аляксандрам I.
Мікалай I 06.12.1831 «Палажэньнем пра парадак дваранскіх сходаў, выбараў і службы паводле іх» фактычна перавёў службу па дваранскім выбарам у статус дзяржаўнай. Кандыдатаў у павятовыя і губернскія П.д. выбіралі на губернскіх дваранскіх сходах, губернскага П.д. зацьвярджаў асабіста манарх, павятовага губернатар.
Указам ад 28.11.1861 у Заходніх губерніях дваранскія выбары забаронены, П.д. і дваранскія дэпутаты прызначаліся ўрадам.
Асн. функцыямі П.д., як кіраўніка дваранскай карпарацыі, былі: прадстаўленьне інтарэсаў дваранскага стану; кіраваньне дваранскімі сходамі; вядзеньне, разам з дэпутатамі дваранства ад паветаў, дваранскай радаводнай кнігі губерні; вядзеньне пасямейных дваранскіх сьпісаў; складаньне і выдача пасьведчаньняў пра лад жыцьця, добранадзейнасьць і стан дваранаў.
З часам пасада П.д. цалкам урасла ў склад агульнадзярж. бюракратыі і апісаньне функцый і абавязкаў П.д. займала каля палутара тысяч старонак «Настольной книги для уездных предводителей дворянства» (СПб., 1903).
© Ўладзіслаў Вяроўкін-Шэлюта, 1999.
Друкаваная версія: Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 5. Мн., 1999. С. 559.