ПАСОЛ с о й м а в ы,
прадстаўнік шляхты ад павета на сойме ВКЛ, пазьней Рэчы Паспалітай.
Да сяр. 16 ст. інтарэсы шляхецкага стану ў сойме звычайна прадстаўлялі харужыя (з Жамойці цівуны). Ад кожнага павета выбіраліся па 2 П., аднак не забаранялася і інш. шляхце езьдзіць на сойм.
Заканадаўча П. акрэсьлены ў Статуце ВКЛ 1566. Пасьля ўтварэньня Рэчы Паспалітай П. ўвайшлі ў ніжэйшую палату сойма Пасольскую Ізбу. За працу П. атрымоўвалі грашовую кампенсацыю. Канстытуцыя 1601 вызначыла, што П. ня можа быць асоба, якая мае судовую справу ў сойме. Канстытуцыя 1616 забараняла выбіраць П. дэпутатаў трыбуналаў і наадварот. У 1678 зацьверджаны ўзор прысягі (роты), якую мусіў прынесьці П. У 1690 заканадаўча аформлена, што на сойме вольна кожнаму П., а на сойміку кожнаму шляхцічу абмяркоўваць любыя пытаньні.
© Ўладзіслаў Вяроўкін-Шэлюта, 1999.
Друкаваная версія: Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 5. Мн., 1999. С. 428.