ЗГУРТАВАНЬНЕ БЕЛАРУСКАЙ ШЛЯХТЫ

РАЗБОР ШЛЯХТЫ,

комплекс мерапрыемстваў, праведзеных уладамі Расійскай Імперыі па верыфікацыі і скарачэньню шляхецкага стану былога Вялікага Княства Літоўскага.

Пасля анэксіі земляў былога ВКЛ улады Рас. Імперыі сутыкнуліся з праблемаю вялікага колькаснага складу прывілеяванага стану на новадалучаных землях. Агульная колькасьць шляхты складала 7—8% усяго насельніцтва ВКЛ. Маёмасны і сац. статус прывілеяванага стану б. ВКЛ быў вельмі стракаты і не адпавядаў існуючаму расейскаму разуменьню статусу двараніна Рас. Імперыі. Адразу пасьля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай рас. ўлады пачалі праводзіць мерапрыемствы па выключэньні маламаёмаснай шляхты з прывілеяванага стану.

Паводле найвышэй зацьверджанага даклада ад 13.09.1772 бел. гэнерал-губернатара З.Р.Чарнышова шляхце было ўказана падаць у губернскія гарады сьпісы з доказамі свайго дваранства. У сьпецыяльным ордэру дзеля перапіса насельніцтва Магілёўскаму і Пскоўскаму губернатарам гэнерал-губернатар растлумачыў, што яны павінны загадаць шляхце падаць празь земскія суды ў губернскія канцэлярыі сьпісы асобаў усіх дваранскіх сем’яў, з падрабязным апісаньнем паходжаньня родаў, гэрбаў, з усімі пасьведчаньнямі й дакументамі. Зазначалася, што без царскай волі ніхто надалей ня мае права лічыць сябе шляхцічам і карыстацца шляхецкімі правамі. Паводле ўказа ад 14.06.1773 шляхта вымушана была чыніць вывады свайго шляхецтва ў Верхніх правінцыйных земскіх судах.

У час Рэвізіі 1772-1774 шмат чыншавай і служылай шляхты было запісана ў склад сялянаў. Ніжэйшыя пласты шляхецкага стану — зямяне, баяры панцырныя і інш. — былі запісаныя ў пагалоўныя сялянскія сьпісы. «Новыя» сялане былі абкладзены падушнай подацьцю й рэкруцкім наборам. Праўда, ўказам ад 31.05.1789 загадана ня браць рэкрутамі асобаў, якія даводзяць сваё паходжаньне. Здаралася, што асобы атрымлівалі вывады ў Дваранскіх дэпутацкіх сходах, але іх не выкрэсьлівалі з рэвіскіх казак і не вызвалялі ад аплаты падушнага падатку. Імператар Павел І указам ад 04.12.1796 пастанавіў, што выданьне дыплёмаў на дваранства можа быць «выключна ад самадзержнай улады, Богам нам дараванай», дваранскія сходы ня мелі больш права выдаваць дыплёмы асобам, запісаным у аклад, выдадзеныя дыплёмы павінны былі быць адабраныя. Урэшце ўказ ад 20.09.1802 канчаткова ўстанавіў, што гэткія асобы могуць быць выключаны з акладу толькі паводле ўказа Сената.

Пасля выданьня Даравальнай граматы дваранству 1785 аформіліся карпаратыўныя правы дваранства Рас. Імперыі, усе дваране павінны былі быць унесеныя ў дваранскія радаводныя кнігі, для чаго яны павінны прадставіць доказы паходжаньня. Радаводныя кнігі падзяляліся на 6 частак, 4-я зь іх адводзілася для дваранаў замежнага паходжаньня. Аднак, ня гледзячы на лёгіку, шляхта з ВКЛ упісвалася не ў яе, а ў інш. часткі. Ад шляхты патрабаваліся доказы не паводле існаваўшай у ВКЛ юрыд. сістэмы, а паводле прынцыпаў рас. заканадаўства.

Указ ад ?.08.1800 устанавіў тэрмін для доказу паходжаньня ў два гады, за які ўсе шляхцічы мусілі зрабіць вывады свайго шляхецтва ў Дваранскіх дэпутацкіх сходах.

Указ ад 25.09.1800 пацьвердзіў чыншавай шляхце даўнія правы, але шляхтаю ўважаліся толькі асобы запісаныя ў шляхецкіх казках па Рэвізіі 1795. Указамі ад 01.01.1808 і 06.03.1808 было загадана каб чыншавая шляхта прадставіла доказы свайго паходжаньня. Пасля правядзеньня Рэвізіі 1811 указам ад 29.03.1812 было загадана прызнаваць шляхецкую годнасьць толькі за тымі асобамі, продкі якіх былі ў ёй зацьверджаныя.

На Камісію, што праводзіла Рэвізію 1816, указам ад 20.01.1816 ускладзены быў абавязак разбору правоў асобаў, якія называлі сябе шляхтаю, з гледзішча ўпісаньня апошніх ў шляхецкія рэвіскія казкі 1795. З разгляду была выключана шляхта, якая мела дэкрэты вывадаў ДДС і чакала разгляду спраў у Гэрольдыі Сенату; яны звычайна ўлічваліся як дваране. Права пакідаць у стане шляхты ці выключаць зь яго Сенат перадаў губернатарам. Асобы, пазбаўленыя шляхецкіх правоў, запісваліся вольнымі хлебаробамі (вольнымі хлебапашцамі), дзяржаўнымі сялянамі ці мяшчанамі. Трэба адзначыць дзіўны выбар аднаго са станаў дзеля запісу шляхты — вольных хлебапашцаў. У Расеі гэты стан быў створаны 20.02.1803 для запісу былых прыгонных сялян адпушчаных уладальнікамі. Некалькімі ўказамі 23.09.1817, 16.11.1820, 22.11.1820, 21.06.1821 Сенат нагадваў пра хутчэйшае завяршэньне разбораў шляхты. Указ 08.06.1826 растлумачваў парадак пераводу ў аклад асобаў, няправільна прылічаных да чыншавай шляхты. Паводле палажэньня ад 11.07.1828 і ўказа ад 14.05.1830 шляхцічы, якія не прадставілі доказаў шляхецтва, павінны быць запісаныя ў мяшчане ці ў казённые пасяляне.

Пасьля Паўстаньня 1830-1831 Камітэту Заходніх губерняў між іншым даручалася разабрацца з праблемамі шляхецкага стану. Паводле закона ад 19.10.1831 «Аб разборы шляхты ў заходніх губернях і аб уладкаваньні гэтага роду людзей», дзе зазначалася, што многія шляхцічы «па недахопу аселасьці і ўласнасьці, і па ладу жыцьця … найбольш схільны былі да паўстаньня і злачынных дзеяньняў супраць законнай улады», шляхецкі стан б. ВКЛ быў падзелены на дваранаў і адмыслова створаныя станы аднадворцаў Заходніх губерняў і грамадзянаў Заходніх губерняў (адпаведна месца жыхарства ў сельскай мясцовасьці або ў гарадах і мястэчках). Дваранамі прызнаваліся толькі асобы, зацьверджаныя ў адпаведнай годнасьці Гэрольдыяй. На аднадворцаў распаўсюджвалася рэкруцкая павіннасьць, грамадзянам дазвалялася пазьбегнуць яе, заплаціўшы 1 000 рублёў. Абодва новыя станы мусілі сплочваць асабістыя падаткі й несьці службы.

У 1832 Гэрольдыі загадана правесьці рэвізію дэкрэтаў вывадаў Дваранскіх дэпутацкіх сходаў. Сенат указам ад 11.11.1832 загадаў падзяліць асобаў, належных «да былой шляхты» на тры разрады: 1. дваранаў, якія маюць або ня маюць вывадаў дваранскіх сходаў, але валодаюць маёнткамі з падданымі ці толькі падданымі; 2. дваранаў, якія ня маюць маёнткаў, але маюць вывады; 3. шляхцічаў, якія ня маюць вывадаў і ня маюць маёнткаў. Адначасова забаронена Дваранскім дэпутацкім сходам выдаваць пасведчаньні пра дваранства, без зацьвярджэньня Гэрольдыяй.

У 1842 была праведзена адмысловая Рэвізія ў Заходніх губерніях, якой падлягалі аднадворцы, грамадзяне і іўдэі.

Паводле ўказа ад 17.03.1847 шляхта, якая не прадставіла ў тэрмін пасямейных сьпісаў, павінна быць запісаная ў стан дзярж. сялянаў, а тыя, хто падалі — у аднадворцы і грамадзяне. Але практычна гэтае зьдзейсьнена не было. Асобы, не зацьверджаныя ў дваранстве, паводле закона ад 23.01.1847 пазбаўляліся права купляць зямлю зь сялянамі.

Указам ад 01.08.1857 шляхцічы, якія да гэтага часу не былі зацьверджаныя ў дваранстве і прапусьцілі тэрмін дзеля запісу ў аклад, былі падзелены паміж наступнымі станамі. Асобы, якія валодалі зямлёю, аднесены да сялянаў-уласнікаў; а тыя, якія валодалі зямлёю ў дзяржаўных вёсках, — да дзярж. сялянаў; асоб, якія жылі на памешчыцкай зямлі, запісвалі вольнымі людзьмі. У Рэвізіі 1858 яны фігуруюць як вольныя хлебапашцы, гэткім чынам яны былі запісаныя ў стан, які юрыдычна ўжо не існаваў (быў ліквідаваны ў 1848). Неаселых шляхцічаў запісвалі на выбар у сяляне альбо да гарадзкіх станаў, акрамя грамадзянаў. Фактычна ўсе былі запісаныя ў стан мяшчанаў. Гэты закон не закранаў шляхту, якая раней была запісана ў якасьці аднадворцаў і грамадзянаў.

Пасля Паўстання 1863 уведзены новыя абмежаваньні ў прынцыпах доказу і атрыманьня дваранства. Указ ад 10.12.1865 забараняў «палякам», г.зн. католікам, набываць маёнткі.

Указам ад 19.01.1866 усе шляхцічы, якія не даказалі свайго дваранства, уключаныя ў склад сялянаў ці мяшчанаў.

Станы аднадворцаў і грамадзянаў Заходніх губерняў былі скасаваныя паволе закона ад 19.02.1868. Аднадворцы былі прылічаныя да сялянаў, а грамадзянам даваўся год на выбар прыпісацца да сялянаў або мяшчанаў. Гэта быў канчатковы акт юрыдычнай ліквідацыі шляхецкага стану б. ВКЛ.

Хоць юрыдычна адбылася поўная ўніфікацыя станаў у Беларусі з іншай тэр. Рас. Імперыі, але ў многіх установах дзярж. кіраваньня, найперш у Скарбовых палатах, працягваўся статыстычны ўлік і кантроль за «былой польскай шляхтай». Працягвала дзейнічаць забарона на набыцьцё зямлі. Толькі ўказам ад 04.03.1899 дазволена дваранам і мяшчанам католікам, якія асабіста займаліся земляробствам, купляць зямлю, але каб агульная колькасць яе не перавышала 60 дзесяцінаў. Пасьля Рэвалюцыі 1905 указам ад 01.05.1905 дазволена католікам купляць зямельную ўласнасьць, але толькі ў католікаў; набыцьцё зямлі ў асобаў інш. веравызнаньня абмяжоўвалася зноў жа 60 дзесяцінамі і іншымі ўмовамі. Гэтыя абмежаваньні доўжыліся да канца існаваньня Рас. Імперыі.

Літ.: Rychlikowa I. Carat wobec polskiej szlachty na ziemiach zabranych w latach 1772-1831 // Kwartalnik Historyczny. 1991. Nr. 3. S. 51-83; Неупокоев В.И. Преобразование беспоместной шляхты в Литве в податное сословие однодворцев и граждан (Вторая треть XIX в.) // Революционная ситуация в России в 1859-1861 гг. Т. VI. М., 1974. С. 3-22.

Схема разбораў шляхты

© Ўладзіслаў Вяроўкін-Шэлюта, 2001.

Друкаваная версія: Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 6. Кн. 1. Мн., 2001. С. 83-85.

  Згуртаваньне Беларускай Шляхты
        Гісторыя
        Сяброўства
        Статут
        Кіраўніцтва
        Асяродкі
  Сьпіс шляхецкіх родаў
        Агульны сьпіс
        Тытулаваныя роды
            Князі
            Графы
            Бароны
  Выданьні ЗБШ
        Часапіс «Годнасьць»
            1993. № 1.
            1994. № 1(2).
            1997. № 1(3).
            1997. № 2(4).
            2003. № 1(5).
        Кніжная серыя «Маёнткі і людзі»
        Альманах «Nomenclator»
  Шляхецкая энцыкляпедыя
        А Б В Г Д Е Ё Ж З І К Л М Н О
        П Р С Т У Ў Ф Х Ц Ч Ш Э Ю Я
  Бібліяграфія па генеалёгіі
  Парады па пошуку радавода
  Спасылкі на іншыя рэсурсы
  Форум
[an error occurred while processing this directive]
  www.nobility.by © Згуртаваньне Беларускай Шляхты, 2002